Афганская шкатулка - Федоренко Андрей (читать книги онлайн полностью без регистрации TXT) 📗
Сам дзядок быў невысокі, худзенькі, у нейкім бабскім кабаце, абвязаны ў паясніцы тоўстай ваўнянай хусткаю, у трыко і ў стаптаных пантофлях на босу ногу — нічога ў яго абліччы не было помнага, нічога выразнага, звычайны стары пень (прашу прабачэння, грамадзянін следчы).
— Што вы мне прынеслі? — замест прывітання спытаў дзядок, блізарука прыглядаючыся да пляшкі, якую выцягнуў з унутранай кішэні курткі Крывіцкі.
— "Імперыял".
— Добра! Не люблю гарэлкі. А закусіць?
— Дзед, ты многа хочаш, мала палучыш. Куды йсці, на кухню?
— Ідзі на кухню. Не трэба разувацца! — прыкрыкнуў на мяне, убачыўшы, што я нагнуўся і расшнуроўваю чаравікі.
Маленькая, стандартная — пяць ці шэсць "квадратаў" — кухня сустрэла нас вострым непрыемным пахам, што йшоў ад нявынесенага вядра са смеццем. Тут панавала такое ж запусценне, такі ж бязлад, як і ў пярэдняй. Брудны лінолеум у сінія і белыя клеткі, у кутку — нізенькі, пузаты, пажаўцелы ад часу халадзільнік, на якім — кіпа газет, такіх жа пажоўклых. У кутку пад батарэяй сушацца на падасланай газеце старыя чаравікі, у кутку каля дзвярэй — стол без абруса, на стале пуста. Сцены з аблупленай фарбаю таксама пустыя, голыя — няма ні звыклых куханных скрынак, ні палічак, адно над ракавінаю прымацавана звычайная танная сушка, у якой сіратліва тырчаць рэбрамі некалькі талерак і місак, а пад ракавінаю — стаіць тое самае вядро, ад якога ідзе непрыемны пах, з верхам поўнае смецця.
Але самае дзіўнае, што адразу кінулася ў вочы і ўразіла, бо зусім не пасавала да ўсяго гэтага запусцення, нават убоства, — гэта новенькія, пакрытыя бліскучым лакам шахматы. Так, акурат пасярэдзіне кухні стаяла табурэтка, на якой — дошка з расстаўленымі шахматамі.
— Ну ты ўжо зусім!.. — Крывіцкі паморшчыўся і пацёр нос. — Хоць бы фортку расчыніў, ці што… Цябе ж вытураць адсюль за антысанітарыю.
Адамавіч асцярожна адставіў табурэтку з шахматамі да батарэі:
— Чорта з два, — сказаў чамусьці мне, а не Крывіцкаму. — Кватэра прыватызаваная. Мая. Што хачу, тое раблю. Не чапай! — прыкрыкнуў, калі Крывіцкі ўзяўся адчыняць фортку. — Скразняк будзе, а ў мяне спіна баліць, ты ж бачыш — хусткаю абвязаны!
— Ды я трохі, хоць на шчылінку. — Вынесі лепш вядро, калі так табе пахне!
Крывіцкі зрабіў выгляд, што не чуе; ён неўпрыкмет падміргнуў мне.
— Спіна, кажаш, баліць? — перапытаў з прытворным жалем. — Дык, можа, скора таго, а, Адамавіч? Можа, хаваць скора давядзецца?
— Не дачакаешся!
Адамавіч зазірнуў у халадзільнік, дзверцы якога расчыніліся з іржавым рыпам, дастаў адтуль пустую гранёную шклянку. Хукнуў у яе, выцер усярэдзіне ражком хусткі, паставіў на стол. Уздыхнуў:
— За закуску выбачайце, госці дарагія. Самі бачыце, як жыву. І ў магазін цяжка выбрацца, ды й купляць няма за што…
— Ну і жмот! Дай хоць якую цыбуліну з хлебам! Я стаяў каля дзвярэй (табурэтка з шахматамі была адзінай на кухні) і адчуваў тое ж, што, відаць, і любы б чалавек на маім месцы. Куды я патрапіў? Навошта я тут? Нашто патраціў грошы — каля дзесяці даляраў, а яшчэ ж, як кажуць, "не вечар"?..
Пасля нядоўгага аднеквання і ламаніны Адамавіч, крэкчучы, палез пад стол, пашамацеў у адной з картонных скрыначак, што там стаялі, выцягнуў тры невялікія цыбуліны. Абцерабіў у пальцах шалупінне:
— Хлеб сам вазьмі, у халадзільніку, — загадаў Крывіцкаму. А мне патлумачыў: — Усё адно туды няма чаго класці, дык я яго і не ўключаю. Чаго дарма электрычнасць пераводзіць? Так і служыць, усё адно як шафа.
— Вось жмот, — Крывіцкі адчыніў халадзільнік. — Сапраўды, пуста! Хочаш паглядзець? Я адмовіўся. Крывіцкі паклаў побач з цыбулінамі кавалак чарствога батона.
— Ну ты ўжо зусім здзяцінеў, Адамавіч! Хіба ж так можна? Памрэш — хто цябе хаваць прыйдзе? Я не пайду!
— Без цябе пахаваюць, не бойся.
— Можа, сапраўды няма ў чалавека? — умяшаўся, каб не стаяць маўчком, я.
— У яго ды няма! Такія жмоты ведаеш якія багатыя? Адамавіч, скажы яму, колькі ў цябе грошай!
— От пустазвон…
— Ты ж паў-Мінска мог бы скупіць — што, не так? — От шалапут, — ківаў галавою Адамавіч. Крывіцкі наліў яму першаму, і Адамавіч выпіў прагна, нагбом — як сасмяглы чалавек, што дарваўся да шклянкі калодзежнай чыстай вады. Калі я выпіў і пачаў хрумстаць цыбулінай, дзед раптам заўважыў:
— Зуб ніжні трэба лячыць, малады чалавек. Не запускайце. — Як вы ўбачылі? — здзівіўся я, кратаючы языком рэшткі пломбы, якая сапраўды выкрышылася дзён колькі назад. — Ён ды не ўбачыць! Усё жыццё зубы ставіў — адкуль жа і грошы ў яго.
— Тады б вы сабе паставілі, — сказаў я, убачыўшы, як Адамавіч жуе мякіш. Яўна ў яго ў самога з зубамі было не ўсё ў парадку.
— Ён ды паставіць. Золата шкада!
— Пустазвон, — ані не крыўдзіўся дзед. Доўга не чакаючы, паўтарылі. Крывіцкі развесяліўся:
— Ну што, дзед, выпіў? А цяпер — дыскатэка! Я падышоў да табурэткі з шахматамі. Адамавіч ні з таго ні з сяго аж затросся.
— Мо гуляеце? — з надзеяй запытаў ён.
— Так… гуляў колісь, — я не стаў хваліцца, вядома, што быў чэмпіёнам раёна сярод школьнікаў.
— Не сядай з ім, ён памешаны на шахматах! І сапраўды, Адамавіч ажывіўся так, што вочы засвяціліся нейкім дзіўным, нават фанатычным бляскам. Раптам кінуўся ў пакой, з'явіўся з двума табурэтамі ў руках:
— Сядай, — да мяне. — А ты, — Крывіцкаму, тыцкаючы яму штосьці ў руку, — збегай пакуль, купі, ну, сам ведаеш.
— Даўно б так! — Крывіцкі, задаволены, сышоў.
Разыгралі: Адамавічу выпалі белыя. Ён доўга нацэльваў старэчыя дрыготкія пальцы, складзеныя ў жменьку, на цэнтральную пешку, затым хуценька адымаў руку, нават хаваў за спіну. Урэшце прасунуў пешку на e4, і пасля майго ходу, ужо не думаючы, другую пешку на f4 — каралеўскі гамбіт, даволі хітры, але састарэлы пачатак… (Калі вы не ведаеце, грамадзянін следчы, каралеўскі гамбіт — гэта каскад прыгожых ахвяраў у белых, трох пешак і каня, каб вызваліць "калідор" па лініі f і пасля ракіроўкі атрымаць моцную атаку; зрэшты, магчыма, гэта не галоўнае ў маіх тлумачэннях.)
Некалі я і сам любіў карыстацца гэтым пачаткам, але цяпер усё забылася; адразу патрапіў у «пастку», нарабіў памылак — не памог і лішні конь, і лішнія пешкі. Я пачаў задумвацца над хадамі куды даўжэй за Адамавіча, якога спачатку не прыняў усур'ёз як шахматыста.
Да таго ж Крывіцкі вярнуўся, пачаў шумець, перашкаджаць, падносіў нам "імперыял", тоўкся за маёй спіною і падказваў адно і тое ж:
— Канём хадзі, канём! — такі ў яго быў жарт. Словам, я прайграў. Здаўся недзе на пятнаццатым ходзе.
— Тэорыю трэба вучыць, малады чалавек, — Адамавіч, не проста задаволены, а шчаслівы, паціраў сухія рукі.
— На высадку! — гарлапаніў Крывіцкі. — Зараз вып'ем, тады я сяду!
Ён закасаў рукава ў кашулі, напінаў біцэпс і ўсё чапляўся да Адамавіча:
— Выходзь, стары, на арэну!
З першага ходу стала ясна, які ён гулец. Як і ва ўсіх недалёкіх, тупаватых людзей мышленне ў яго было, калі можна так сказаць, шашачнае, не здольнае да абстрактнага камбінавання. Стаіць фігура пад боем — значыць, трэба браць.
— А если он меня прикончит матом, то я его через бедро с захватом, или ход конем по голове! — крычаў ён, хапаў з дошкі каня і жартаўліва замахваўся на дзеда, які, праўда, аніяк на гэта не рэагаваў.
Крывіцкі прапусціў "дзіцячы" мат у тры хады, мы памяняліся. На гэты раз я добра вымучыў дзеда, тым больш, што Крывіцкаму надакучыла, ён курыў у фортку і не перашкаджаў нам, — і ўсё ж Адамавічу ўдалося-такі правесці ў ферзі адну-адзіную лішнюю пешку.
Я, грамадзянін следчы, рэдка бачыў у сваім жыцці такіх шчаслівых людзей, як Адамавіч у той вечар, калі двойчы выйграў у мяне. Я ведаў самых розных шахматных "фанатаў", яшчэ ў дзяцінстве любіў па выхадных хадзіць у парк, дзе гулялі ў шахматы на грошы і дзе гэтая бяскрыўдная гульня часам нагадвала "баі без правілаў" — у прамым сэнсе многія партыі заканчваліся фізічнымі бойкамі. Але Адамавіч, чалавек, які, можна сказаць, стаіць адной нагою ў магіле, радаваўся так, нібы выйграў па меншай меры мільён даляраў. Ён прытанцоўваў (я не жартую) на месцы. Ён смяяўся, паціраў рукі і ўсё паўтараў: