Афганская шкатулка - Федоренко Андрей (читать книги онлайн полностью без регистрации TXT) 📗
— Лухта! — гучна заявіў Крывіцкі (ён і раней не ўмеў гаварыць спакойна). — Грошы выкінеш — а толку? Вось скажы — што толку? Ведаеш, колькі цяпер такіх "менеджменаў", як ты?
Я не ведаў. Я бачыў толькі, што гэтыя дзесяць гадоў даволі моцна змянілі майго колішняга аднакурсніка знешне, але ніяк не духоўна. Ён застаўся такім жа пустым, нецікавым гарлапанам, як і быў.
— Ну, а ты?
— А што я? — крычаў мне, як глухому, Крывіцкі і шморгаў мяне за рукава курткі — яшчэ адна яго даўняя невыносная звычка. — Купі-прадай, жыві не хачу! Вольны казак! Пазаўчора з Германіі вярнуўся, хацелі машыну прыгнаць, ды паліцыя тармазнула, ледзь адмазаліся!.. Паліцаі, разумееш? У нас міліцыя, а там — паліцыя. А то ў Бельгіі яшчэ быў выпадак, таксама з паліцыяй звязаны…
Я яшчэ раз агледзеў яго. Што й казаць — важны еўрапеец: схуднелы няголены твар, выпетраныя вусны, доўгія, да плеч, валасы, паношаная скураная куртка, джынсы, красоўкі — усё паношанае, але, праўда, чыстае.
Трэба было развітвацца, вядома, і хутчэй уцякаць ад яго. Тым больш мяне яшчэ чакалі сто спраў. Але я чамусьці не развітваўся і не ўцякаў.
Упэўнены, што кожны, у тым ліку і Вы, грамадзянін следчы, хоць раз у жыцці траплялі ў падобную сітуацыю. Бывае, увесь дзень распісаны проста па хвілінах, усюды рвешся паспець, з тым пабачыцца, таму патэлефанаваць… І раптам сустракаеш якогась няважнага, непатрэбнага табе чалавека, з якога — цвёрда ведаеш — ні цяпер, ні пазней табе не выйдзе аніякае карысці. Але вось жа, як чорт пад руку штурхае, плюеш на ўсе планы і гробіш з ім такія каштоўныя, незваротныя хвіліны, гадзіны, а то і дні.
Ды і словы яго, прызнаюся шчыра, — "лухта твая вучоба", "што толку?" — звычайныя банальныя словы, якія мог бы сказаць любы з гэтага натоўпу, што віраваў вакол нас, — прыйшліся неяк акурат да часу, запалі ні з таго ні з сяго ў душу… А сапраўды, навошта ўсё?.. Куды я бягу, куды лячу?.. Жыццё кароткае — імгненне, не болей… Мне хутка трыццаць, а што я маю, хоць вечна некуды імчуся? Сям'і няма, кватэры няма, грошы, якія цягну з бацькоў ці падзарабляю абы-дзе, ляцяць направа і налева… Ці акупіцца калі-небудзь усё гэта? Аніякай гарантыі…
Словам, мною раптам апанавала тая самая славутая "славянская філасофія" — абстрактная, бясплодная, пазбаўленая практыцызму, філасофія, якая еўрапейцу ці якому-небудзь амерыканцу, мабыць, і ў сне не сніцца.
— Замялі нас, значыць, у Бельгіі,— крычаў Крывіцкі, — пасадзілі, само сабою, у каталажку…
— Не крычы так, калі ласка.
— А, прабач! — сумеўся ён. — Слухай, — вінавата паляпаў па кішэнях, — у цябе не знойдзецца пару тысёнцаў на метро?
"Вось табе і Бельгія, вось табе і Германія, — падумаў, помню, я. — Так і ведаў, што скончыцца ўсё просьбаю на талончык ці жэтон".
— Я аддам, даю слова! Зматаюся ў Польшчу ці ў Германію, прыганю машыну…
І вось тут, грамадзянін следчы, я зрабіў яшчэ адну, ці не галоўную, памылку — я пашкадаваў гэтага пустамелю. Я бачыў, што ён рады нашай сустрэчы, рады, што я даю яму ўвагу; я адчуваў, здагадваўся, што ехаць яму ў прынцыпе няма куды, што нідзе яго асабліва не чакаюць.
— Можа, па піву? — першы прапанаваў я, прыкідваючы, колькі грошай са мною і якую частку з іх можна патраціць.
Ён толькі моўчкі, як адданы сабака на гаспадара, зірнуў на мяне.
Мы адышліся да піўнога кіёска, што на рагу Маскоўскай, узялі па куфлі піва, прыселі за незаняты столік.
— Дык чаму табе смешна, што я вучуся? — усё ж карцела мне даведацца. — Цяпер многія пайшлі перавучвацца.
Крывіцкі адвёў руку з куфлем і здзьмухнуў на газон густую пену:
— Век жыві, век вучыся — усё адно дурным памрэш. Так завяшчаў вялікі Ленін, так вучыць камуністычная партыя, — дадаў ён і засмяяўся, запрашаючы смяяцца і мяне, нібы выдаў не чарговую банальшчыну, а расказаў дасціпны анекдот.
Я спытаў, ці ёсць хоць нейкая доля праўды ў тых чутках, што пра яго хадзілі? У сэнсе турмы, жаніцьбы з мінчанкаю і таму падобнае.
Крывіцкі яшчэ больш ажывіўся:
— Чаму чуткі? — і распавёў, як пра нешта зусім будзённае, некалькі эпізодаў сваёй бурнай біяграфіі.
Так, быў жанаты з мінчанкаю, нават і цяпер, пасля разводу, яшчэ жывуць разам на кватэры ў яе бацькоў; паспытаў і турмы, адсядзеў колькі месяцаў — "па дурасці, за аліменты!"; сапраўды, збіраўся быў назаўсёды з'ехаць у вёску, але замест гэтага падаўся за мяжу — "праз Польшчу ў турнэ па Еўропах, аўтастопам, ды паліцаі каля Страсбурга тармазнулі!..»
Ён забыўся, што я прасіў гаварыць цішэй, і зноў амаль крычаў і размахваў рукамі. З-за суседніх столікаў на нас азіраліся.
А я слухаў і не ведаў, верыць яму ці не. Проста не ўкладвалася ў галаве, як чалавек майго веку пасля столькіх прыгодаў умудрыўся так і не набыць сталасці, сур'ёзнасці, урэшце элементарнага розуму…
Мы паўтарылі "па піву", потым я (не ведаю, чаму) купіў па «сотцы» гарэлкі і адзін на двух «бутэрброд» — лустачку хлеба з іржавымі скурчанымі долькамі селядца зверху. Крывіцкі дастаў з кішэні ножык, разрэзаў «бутэрброд» напал, акуратна выцер лязо сурвэткаю.
"Вось табе і ўсё турнэ па Еўропах", — ізноў падумаў я, назіраючы за ім. Але падумаў лена, без аніякіх эмоцый.
Я ўжо змірыўся, што на гэтым не скончыцца, што наперадзе яшчэ цэлы вечар, — адзін з тых «вясёлых», а на самой справе бесталковых, ні на што растрачаных вечароў, згадка пра якія дзён колькі мучыць і не дае спакою, раздражняе, як боль фізічнай траўмы, а потым усё наглуха забываецца, насуха выціраецца з памяці.
— О, ідэя! — прачытаў мае думкі Крывіцкі. — Даўно я не быў у Адамавіча свайго — пайшлі? Купім пляшку, у Адамавіча можа закусіць знойдзецца…
Я зразумеў, што да ўсяго Крывіцкі яшчэ проста галодны.
— Што за Адамавіч? — спытаў я.
— Як лепш растлумачыць… Ну, Адамавіч, во такі дзед, я вас пазнаёмлю. Комік першай гільдыі!
— Хто ён табе?
— Адамавіч? Вось дапусцім, у цябе бацька, так? Брат бацькі твайго бацькі, ці як гэта… Дзед, словам. А можа, дзядзька, не ведаю. Дык пайшлі, тут побач, на Фабрыцыуса!
Вось так, грамадзянін следчы, дзякуючы чалавеку, якому я пазней нанясу "лёгкія цялесныя пашкоджанні", я патрапіў да чалавека, у смерці якога мяне абвінавачваюць.
III
У гастраноме на Маскоўскай мы купілі пляшку "Імперыялу" (нуль сем) і дварамі папраставалі на Фабрыцыуса.
Дарогаю Крывіцкі расказаў, што гэтаму Адамавічу даўно за семдзесят, жыве адзін і нават не быў ніколі жанаты, "што ён зубны стаматолаг" і вельмі багаты.
— Адамавіч — апошняя мая надзея, — сказаў раптам Крушынскі.
— У сэнсе?
— У прамым сэнсе — хата. Мяне цесць даўно б вытурыў, каб не ведаў пра Адамавіча. Вось так і жывём, чакаем, пакуль дуба ўрэжа мой стары, Адамавіч, значыць… — Крывіцкі ўздыхнуў, але адразу ж ізноў развесяліўся: — А камічны дзед, Адамавіч мой! Сам пабачыш!
— Пачакай, ты ўпэўнены, што ён табе кватэру адпіша?
— А каму яшчэ? Я самы блізкі яму, Адамавічу… Во сюды! Мы зайшлі ў пад'езд і па шырокай, як ва ўсіх старых "сталінскіх" дамах, аблупленай лесвіцы падняліся на трэці паверх. Крывіцкі націснуў кнопку званка і не адпускаў да таго часу, пакуль не шчоўкнуў замок. Дзверы прачыніліся чуць, на адну шчылінку. Старэчы голас прашамкаў:
— Хто гэта?
— Свае!
— Свае ўсе дома.
— Адчыняй, Адамавіч! Ты ж бачыш нас! — крычаў Крывіцкі.
— Што табе трэба?
— Праведаць прыйшоў!
— Я здаровы.
— Адамавіч, харэ ламацца! Адчыняй!
— Скажы, нашто я табе?
Так працягвалася даволі доўга. Мне пачало гэта надакучаць. Разоў колькі я парываўся сысці, але Крывіцкі хапаў мяне за куртку, падміргваў, даючы зразумець, што ўсё скончыцца добра. Нарэшце ён выклаў галоўны козыр:
— Мы не з пустымі рукамі!
— Так бы адразу і казаў, — і дзверы, як ні дзіўна, расчыніліся.
Дзядок саступіў, прапускаючы нас. Мы ўвайшлі ў цесную брудную пярэднюю аднапакаёўкі. Пад вешалкаю, на якой віселі злінялы драпавы палітон і балоневы плашч, стаялі валёнкі і гумавыя боты.