Mybrary.info
mybrary.info » Книги » Проза » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗

Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗

Тут можно читать бесплатно Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗. Жанр: Историческая проза. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте mybrary.info (MYBRARY) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Перейти на страницу:

— Неафіты, дзе ваша абяцанне?!

Над галовамі людзей паплыў вялікі, увесь няроўна, плямамі спярэшчаны чырвоны ліст пергаменту.

Мужчына сярэдніх год, вельмі падобны на таго, сівога, што спалілі сёння, магчыма брат, узяў яго ў рукі. Сказаў ужо знаёмым голасам, тым самым, што казаў «забяры нас»:

— Мы выдзерлі яго з самага вялікага Евангелля, калі бралі ахвяру. І кожны пакінуў на ім кроплю крыві. Вось.

Ён узняў вялікі палец левай рукі. І за ім пачалі сямтам уздымацца рукі з адстаўленымі пальцамі. Дзесяць… трыццаць… сто… яшчэ і яшчэ.

— Ён чырвоны, — сказаў мужчына. — Кроў выклікае кроў. Зло не нараджае дабрыні, але гнеў і зло. Дарэмна стараюцца.

Рагаты ўзняў на дзіду пергамент і падпаліў яго ад крыжа.

— Гары, — хрыпата сказаў ён. — Попел — разам. Кроў — разам. Гнеў — разам.

Усе моўчкі глядзелі, як скура карабацілася ў агні.

— Кляніся, — сказаў рагаты, калі попел абсыпаўся на зямлю.

— Клянуся за ўсіх, — сказаў мужчына. — Клянуся ў гэтым выпаленым месцы, клянуся на попеле выкрадзеных і пахаваных, што мы аддаем сваю душу, помыслы, усіх сябе і дзяцей нашых табе, Чарнабог. Навучы нас быці трывалымі, як ты, навучы нас перамагаць, як ты, навучы нас не стагнаць нават тады, калі ўся кроў у нашых жылах пачне гарэць ад іхняга жалеза, як згарэлі гэтыя кроплі. Імем тваім выракаемся Бяссілага, яго гарадоў і нават Нябеснага Града, у якіх, як і ў сэрцы слуг ягоных, як і ў іхніх гарадах, няма ні шкадавання, ні літасці, у якіх няма нічога святога, нічога чалавечага. Ён не даў нам ані кроплі святла, ані іскры надзеі. Таму рэкі нашай крыві, агонь нашай лютасці мы аддамо, каб дапамагчы табе заваліць яго, Чарнабог. Вер нам. Мы з табою да канца і, на знак гэтага, прыносім табе ахвяру.

Натоўп трохі адышоў ад агню. Плечы Хрыста калаціліся.

— Што з табой? — шэптам спытаў Іуда.

— Які гонар! Якое беднае быдла! Якая мужнасць! Якая цемра!

Перад агнявым крыжам ляжаў на плоскім камені нехта, укрыты грубай палатнінай.

— Адкрыйце, — сказаў рагаты. — Развяжыце яму хлябала.

Нехта таргануў з ляжачага покрыўку. І тут Хрыстос закрыў далонямі рот, каб міжволі не крыкнуць. На камені ляжаў генеральны камісарый доказнай інквізіцыі. Вялікая грузная туша.

Калі ў яго зноў выцягнулі з рота кляп — аддаўся той самы, што і раней, жывёльны крык.

— Судзіў і судзімы будзеш, — сказаў рагаты. — Кажы, што хацеў яшчэ сказаць, іначай будзе позна.

— Адпусціце, — з клекатаннем у глотцы сказаў той. — Бачыце, вы ёсць. Значыць, нельга сказаць, што мы вядзём вайну з бязвіннымі. Паўсюль вайна за душы, і ў гэтай вайне я — салдат. Палонных не забіваюць.

Бялявыя валасы таго, што прысягаў за ўсіх, зблытанымі кучмамі падалі на шалёныя вочы. Твар запаў у шчаках. Вусны пабялелі так, што амаль не адрозніваліся ад колеру ўсяго аблічча.

— Значыць, і ерэтыкі — палонныя салдаты? — Вочы ягоныя ашклянелі. — А што робяць з імі? А знішчаныя вёскі і гарады? А разораныя краіны без людзей? Чым вінныя былі перад табою і Богам тыя, спаленыя сёння? Той стары з курачкай? Нас не было. Гэта ты нас выдумаў. Ты жорсткасцю зрабіў нас. Хто пайшоў бы сюды, каб не штурхнуў ты і твае браты ў забойстве? Можа, я? Па даносу хапаў бязвінных, гвалціў жанчын, катаваў і паліў — і ты салдат? Не было б цябе — не было б і д'ябла. За жорсткасць — жорсткасць… Рыхтуйся. Мы дамо табе хуткую смерць. Не як ты.

І тады, зразумеўшы, галава доказнай інквізіцыі зноў нема закрычаў. Брат спаленага прыставіў яму нож да сэрца і налёг на рукаятку.

— Не ха-чу! — крык захлынуўся ў нейкім булькаценні, змоўк.

Чалавек вытаргнуў нож, ашалела паглядзеў на ўсіх.

— Б-бярыце гэтую пад-длу.

Ён стаяў, хістаючыся, і раптам упаў, нібы яму ўдарылі пад каленкі. Яго аднеслі. Народ стаяў у суровым маўчанні. Ціха-ціха. Пагрозна ціха. І тады рагаты падышоў да падгарэлага крыжа і адным ударам нагі паваліў яго на труп. Узляцеў ураган іскраў.

— Жары… Каб яшчэ з аднаго бандзюгі не зрабілі святога.

Дыван жарынак засыпаў ляжачага. Ускінулася полымя. На яго накідалі яшчэ сушняку. Вакол былі суровыя, амаль безнадзейныя, мядзяныя твары з рэзкімі чорнымі ценямі.

І тут за спінамі людзей, недзе ў цемрыве, пачалі павольна біць барабаны, раўці дуды, уздыхаць бубны. Заспявалі смыкі.

Палілася павольная музыка. Рытм яе ўсё пачашчаўся. У ім было нешта пагрозлівае, д'ябальскае і, аднак, поўнае жыцця, страснае.

Успыхнулі раптам яшчэ два вогнішчы… Яшчэ. Разам з узрастаннем языкоў агню паскараўся тэмп гукаў.

У гэтым рытме было нешта такое заразлівае, што нават Хрыстос з вялікай цяжкасцю падавіў міжвольныя рухі сваіх ног і прымусіў сябе сядзець нерухома.

Усё меншыя рабіліся паўзы, усё больш прыбаўлялася мігатлівага святла. Нагія людзі пачалі павольна пагойдвацца. Натоўп, зачараваны ўсім гэтым, нібы забыў аб жыцці, аб тым, што чакала ў хатах з гною, прыйшоў у рух.

Рукі шукалі другія рукі, спляталіся. Ногі пачалі спачатку павольна, а потым хутчэй і хутчэй папіраць зямлю.

Яшчэ агні… Яшчэ… Усё больш нясцерпнай і д'ябальскай рабілася музыка і ўдары барабанаў. Бубны клікалі, захаплялі, вялі.

І вось пацягнуўся між вогнішчаў чалавечы ланцуг. Наперадзе цягнулі за вялізныя рогі казлоў, і густы казліны мех мяшаўся з чырванню чалавечай скуры.

Дуды… Трубы… Імкненне… Палёт.

Усё хутчэй і хутчэй, у нястрымным карагодзе між агнёў і вакол галоўнага, нахіленыя наперад, імпэтныя. Выгукі, крыкі, сп'яненне.

Рытм стаў невыносны. Ляцелі развеяныя ў неўтаймаваным палёце валасы, мільгалі ногі, рукі, закінутыя твары. Сям-там, не вытрымаўшы экстазу, бегу, шалёнага імкнення, пачыналі падаць людзі. Але ў віхуры, у вінна-крывавым святле, у ярасці і ўтрапенні, у крыках імчала няздольнае спыніцца чалавечае кола.

Нібы ўзнесеныя пякельным ветрам, нібы сапраўды ў вечным Дантавым карагодзе, у штохвілінным сконе і ўзлёце і як быццам у паветры, не адчуваючы нагамі зямлі, імчалі яны.

Віхура, ураган, вецер саміх стагоддзяў на твары. Забыццё розуму і самога сябе. Пекла, вечнае полымя, шалёны вечны палёт самога жыцця.

РАЗДЗЕЛ ХХVІІ ПАГАНСКІ АРКАН

У кожнай рэчы ёсць два бакі. Непатрэбным урыўкам пергаменту можна распаліць камін, а можна і напісаць на ім індульгенцыю, прадаць і купіць за тыя грошы дом з камінам. На пожагу можна смажыць курэй, а можна і ўстраміць яго ў печань гандляру індульгенцыямі. У кожнай рэчы ёсць два бакі, але бачыць іх дасведчаны і абазнаны, астатнія ж глядзяць, як совы на сонца.

Сярэдневяковы ананім

Стоячы тварам да сонца, мой дружа, мачыцца нягожа.

Гесіёд

Ніколі яшчэ дагэтуль не былі яны так блізка да мэты сваіх пошукаў, як у гэты дзень. Ад мястэчка, у якое прыйшлі яны на кірмаш, было да манастыра не больш за дзень упартай, з летняга ўсходу да захаду, хады. Але ведала, што яны ідуць у гэтым напрамку, адна Магдаліна. І яна адначасова радавалася, што хутка скончыцца яе шлях, што яна выкупіць свой грэх, і незразумела тужыла.

Падалі на натоўп гукі храмавага звона. Кірмаш быў як кірмаш. Мянялі, прадавалі, куплялі. Неяк асабліва добра было чуваць пасля той неймавернай, бы ў сне, ночы звычайныя чалавечыя галасы, будзённыя размовы. Апосталы радасна штурхаліся між людзей. Толькі на адным твары, на твары Хрыста, ляжаў пакутны, не ўчарашні і не пазаўчарашні роздум.

Звінелі макітры. Звінелі ўедлівыя жаночыя галасы ад ятак. І нерухома, як ідал, стаяў сярод натоўпу багата апрануты крымчак з шабляй. Чалма вакол паўкруглага, з шыпам, шалома, насурмленыя бровы, пільны позірк пагардлівых халодных вачэй. Малады яшчэ, прыгожы, гарбаносы твар. Каптан стаіць лубам, відавочна, ад паддзетай кальчугі. Нязмерна шырокія ў калашынах аксамітныя шаравары не гнуцца. На нагах — пацёртыя ад страмёнаў саф'янавыя чобаты. Стаіць, нібы нічога яго не абыходзіць.

На самай справе крымчак слухаў. Так сядзіць на кургане па-царску непарушны драпежны сапсан, не зварухнецца і нібы спіць, а сам чуе падземны віск землярыйкі ля падножжа.

Перейти на страницу:

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч читать все книги автора по порядку

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mybrary.info.


Хрыстос прызямліўся ў Гародні отзывы

Отзывы читателей о книге Хрыстос прызямліўся ў Гародні, автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Уважаемые читатели и просто посетители нашей библиотеки! Просим Вас придерживаться определенных правил при комментировании литературных произведений.

  • 1. Просьба отказаться от дискриминационных высказываний. Мы защищаем право наших читателей свободно выражать свою точку зрения. Вместе с тем мы не терпим агрессии. На сайте запрещено оставлять комментарий, который содержит унизительные высказывания или призывы к насилию по отношению к отдельным лицам или группам людей на основании их расы, этнического происхождения, вероисповедания, недееспособности, пола, возраста, статуса ветерана, касты или сексуальной ориентации.
  • 2. Просьба отказаться от оскорблений, угроз и запугиваний.
  • 3. Просьба отказаться от нецензурной лексики.
  • 4. Просьба вести себя максимально корректно как по отношению к авторам, так и по отношению к другим читателям и их комментариям.

Надеемся на Ваше понимание и благоразумие. С уважением, администратор mybrary.info.


Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*