Mybrary.info
mybrary.info » Книги » Проза » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗

Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗

Тут можно читать бесплатно Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗. Жанр: Историческая проза. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте mybrary.info (MYBRARY) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Перейти на страницу:

Ён не ведаў, што вёску сапраўды знішчылі за «ерась і непакорлівасць», а месца аддалі праклёну, што абрабавалі нават клады, што нават на могілках разбілі ўсе звычайныя пліты. Але ён і ведаў гэта. Падсвядомай упэўненасцю душы. І рука ягоная торкала ў помнікі.

— У-унь. Так на дух чалавечы замахнуліся, што перад імі і ў смерці баяцца, трусікі.

Ён стаў на магілу і прачытаў:

— «Дзеля Бога вялікага чакаю… Жыццё ўслаўленню ягонаму аддаўшы, не пісаў я канонамі незацверджаных, непадобных ікон».

Цяпер ён з ярасцю папіхаў нагою другую пліту.

— «Не быў я арыянінам, ані багамілам, ані ў іншай ніякай ерасі не быў. Сплю спакойна».

Ён пхнуў нагою збуцвелы крыж.

— Унь, дзеці пастараліся: «Тата, заўсёды ты быў з ісцінным Богам, верыў у яго, літасцівага, пакорлівы быў намеснікам яго і ўладзе, а ерась ненавідзеў чыстай душою сваёй. Спі спакойна».

І Хрыстос выскаліў зубы, як ваўкалак:

— Ён спіць спакойна. А вось пад якой спаленай хатай, пад якой з іх, у якім попеле спяць вашы костачкі? Ды што ж гэта за быдла! Ды колькі ж разумным людзям вучыць вас, каб былі вы не чарвякамі, а людзьмі? — Шкаляр затрос кулакамі ў паветры. — Законнікі, кажаш? Паны? Тысячаначальнікі кепскія? Брэшаш! Не яны смярдзяць! Справа смярдзіць! Справа іхняя ў шкоду чалавеку і зямлі! Не чалавек вінен — кодла! «Род лукавы і любадзейны! Сляпыя правадыры сляпых! Дрэва па пладах пазнаюць. Як жа яны могуць гаварыць добрае, будучы злы!»

— Ціха! — сказаў раптам Фама. — Чуеце?

Запанавала маўчанне. Усіх уразілі не столькі словы шляхціца, колькі ягоны выгляд, насцярожаны, увесь нібы напяты, з прыхаванай трывогай у вачах.

— Ціха… Чуеце?

Вогнішча амаль дагарэла. Цемра насоўвалася на маленькую лагчынку. І ў гэтай цемры, недзе ўнізе, у лесе, на подступах да вялікай лагчыны, яны пачулі нейкі дзіўны трывожны шолах, нейкія рытмічныя ціхія гукі.

— Ідуць, — шэптам сказаў Тумаш.

І сапраўды, гэта было падобна на прыглушаныя, слізготныя крокі дзесяткаў маленькіх ног, сярод якіх часам выдзяляліся цяжкія, нібы ішла вялікая жывёла. Набліжалася нібыта нешта шматногае, і яно ці грузна ступала па зямлі і моху, ці скакала, ці гучна наступала на карэнні. Ціхі пошчак, нібы ад буслінай дзюбы, часам гучаў у змроку, нейкія пагрозлівыя ўздыхі.

— Хто гэта? — спытаў Сымон. — Або што гэта?

— Ціха, — сказаў Тумаш.

Глухі, бы з-пад зямлі, раздаўся раптам нейкі прызыў — а можа, маленне? — і сціхнуў. Зноў паўтарыўся… І нечакана ў адказ на яго прагучаў нечуванай сілы голас, ад якога ў нявольных сведкаў пабег па спінах мароз.

— Хто там кліча мяне? — біўся ў вялікай лагчыне голас.

— А-о-о-о-оў-у-у! — праспявалі з цемры галасы.

— Хто не баіцца праклятага Богам і слугамі яго месца?

— Слабыя, — прастагнаў нечы голас у адказ.

— Чаму слабыя не баяцца зямлі, ад якой адступіўся Бог? — бразгаў металам пачварны голас.

— Бо выракаюцца. Бо хочуць быці моцнымі.

— Хто жыве на пустой зямлі?

— Ніхто.

— Хто пануе над ёй?

— Ты.

— Чаго хочаце вы?

— Быці тваімі. Мана.

— Як гэта на мове таго, каго выракаецеся?

— Аман.

— А папраўдзе?

— Мана.

У цішыні прагучаў нібы здушаны, пачварны рогат многіх галасоў.

— І вучыць, — захлыналіся галасы. — І сэнс таемны… І ў кожным амане — вялікая мана.

— Імя маё? — спытаў голас.

— Сатанііл, — ціха застагналі галасы. — Люцыпар… Светаносны… Пахвіст… Чарнабог!…

— І-мя ма-ё! — быццам галоўнага патрабаваў голас.

— Уладар! — прарыдаў нечы голас. — У-ла-дар!

— Што прынеслі вы мне?

— Сябе. Душы свае. Кроплі крыві сваёй на гэтым лісце.

— Што яшчэ?

— Слухай, — сказаў нехта.

І тут над лагчынай прагучаў немы, нібы ў сонным кашмары, чалавечы крык. Нават не чалавечы, а такі, нібы рыкаў пад няўдалым нажом у перадсмяротным жаху бугай. Пасля нехта замыкаў.

— Пазнаю голас ворага майго і людскога. Чакайце з ім.

Крык яшчэ гучаў у вушах сведкаў. А вакол даўно стаяла мёртвая цішыня начнога лесу.

— Цяпер кажыце вы, — гулка, нібы ў бездань, пралунаў голас.

Па шолаху травы можна было меркаваць, што нехта зрабіў крок наперад.

— Вялікі ўладар роду зямнога, усіх нас, — сказаў чалавек. — Яшчэ пазаўчора ніхто з нас не думаў ісці сюды. Прабач нам. Мы неслі наш цяжар і спадзяваліся і цярпелі. Твае ганцы ўмаўлялі нас, але мы заставаліся вернымі сынамі трыадзінага нашага Бога.

Голас з цемры з'едліва зарагатаў.

— Нас заганялі ў смяротны загон, нас вабілі туды байкаю аб райскай канюшыне, а мы жылі, як у пекле. І нас палохалі пеклам. Нас, верных. Мы галадалі і паміралі з голаду, а нас палохалі пеклам, бо не маглі мы купіць ані індульгенцыю, ані імшу. Нас білі, як хацелі, а пасля палохалі пеклам за адсутнасць смірэння. Нас гналі ў рай сілай, а мы бачылі, што месца і там купілі багатыя. Вогнішчы гараць на нашых плошчах, нас катуюць, дзеці нашы паміраюць з голаду, не зрабіўшы яшчэ і першага граху. На зямлі гэтай пануе зло… Нічога не можа Бог. Ён бяссільны супраць ім самім пастаўленай улады, супраць уласных слуг. Ён бяссільны супраць цябе, уладар зла. Ён катуе, гоніць і распінае лепшых сваіх сыноў, лепшых сваіх абаронцаў, або проста не можа абараніць іх. Ты, прынамсі, не мучыш верных сваіх слуг. Ты не будзеш, як ён, гнаць светлых розумам і душою, лепшую надзею, цвет стварэння свайго. Ведаем, што цябе няма тут, што гэта толькі голас твайго першасвяшчэнніка, але ты пачуеш, уладар. Твой слуга — не клірык. Твой храм — не царква. Ты пачуеш… Мы знемаглі. Мы не можам больш. Мы дапаможам табе зрынуць таго, каб на гэтай зямлі было нешта адно. Ці не ўсё адно, з кім будаваць добрае?

Ён перадыхнуў.

— Бяры нас. Мы больш не можам. Мы паміраем усё жыццё ў нашых складзеных з гною хатах. Чым больш яны гоняць нас да святасці і будучай райскай канюшыны — тым нам цяжэй, тым больш мы прагнем цябе. Яны даб'юцца, што ўсе мы зробімся тваімі. Усё жыццё мы зажыва паміраем, Чарнабог. Дай нам царства тваё, дай нам хаця аднекуль палёгку ў гэтым жыцці. Нам няма адкуль больш чакаць яе. Дай нам водбліск хаця нейкага святла, хай сабе і чорнага. Або — калі нельга і гэтага — дай нам на сваіх патаемных шабашах хаця адну хвіліну забыцця. Дай нам забыць вось тут, хаця на хвіліну, наша страшнае жыццё. Мы больш не можам. Забяры нас.

Юрась адчуў, што рука Тумаша халодная як лёд.

— Што гэта? — спытаў ён.

— Ціха, — аднымі вуснамі адказаў Фама. — Іначай — смерць. — І адным подыхам адказаў: — Чорная імша*.

* Пачварная тыранія над целам і думкай спарадзіла не менш пачварны, але законны адказ. Гэтая форма пратэсту называлася «чорнай імшой». Кажуць, што цяпер сям-там у Еўропе (Іспанія, Італія і інш.) заўважаны рэцыдывы. Сімптаматычна!

Лягла доўгая паўза. Магчыма, уладар голасу думаў. Пасля зноў металам пралуналі ў цемры словы:

— Людзі! Вы, якія з вёсак Красовіца, Хітрычы, Бярэзіна і іншых, лікам дваццаць. Гаспадыні вашы — верныя дочкі мае. Імем сваім загадваю — хай яны дадуць вам трохі святла. Імем Чарнабога заклінаю іх забараніць згон, адмяніць стаўны невад і прыгон кормных кабаноў. Хай скінуць грашовага ўзносу па дваццаць грошай з кожнай капы. Клянецеся?

— Але, — уразнабой уздыхнулі жаночыя галасы.

— На знак згоды дасцё сёння подпіс уласным целам з тым сваім падданым, якога абярэце… Іншыя слухайце. Вялікі ўладар падумае і пра вас. Вам не трэба чакаць іхняга страшнага суда, якога не будзе. А яго не будзе! Я абяцаю вам гэта.

Рэхам задрыжала лагчына.

— Я знікаю. Вам скажуць, што рабіць. Спаліце крыж. Я знікаю…

Зырка пабеглі ўгору першыя языкі полымя. Праз хвіліну над котлішчам палаў вялізны, з цэлай сасны, крыж. Агонь вырваў з цемры лагчыну, навакольныя зарасці, прывіды сухіх дрэў і шматлікія твары людзей.

Іх было мноства. Некалькі сотняў. Цэлае мора. Збольшага зусім голыя. Крыж палаў над іхнімі галовамі. Вогненнымі і чорнымі птушкамі мітусіліся над імі святло і цень.

Ля крыжа стаяў чалавек у чорным плашчы. На твары — груба намаляваная маска, на шапцы — турыныя рогі. У руцэ — доўгая дзіда.

Перейти на страницу:

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч читать все книги автора по порядку

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mybrary.info.


Хрыстос прызямліўся ў Гародні отзывы

Отзывы читателей о книге Хрыстос прызямліўся ў Гародні, автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Уважаемые читатели и просто посетители нашей библиотеки! Просим Вас придерживаться определенных правил при комментировании литературных произведений.

  • 1. Просьба отказаться от дискриминационных высказываний. Мы защищаем право наших читателей свободно выражать свою точку зрения. Вместе с тем мы не терпим агрессии. На сайте запрещено оставлять комментарий, который содержит унизительные высказывания или призывы к насилию по отношению к отдельным лицам или группам людей на основании их расы, этнического происхождения, вероисповедания, недееспособности, пола, возраста, статуса ветерана, касты или сексуальной ориентации.
  • 2. Просьба отказаться от оскорблений, угроз и запугиваний.
  • 3. Просьба отказаться от нецензурной лексики.
  • 4. Просьба вести себя максимально корректно как по отношению к авторам, так и по отношению к другим читателям и их комментариям.

Надеемся на Ваше понимание и благоразумие. С уважением, администратор mybrary.info.


Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*