Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм (читать книги онлайн регистрации TXT) 📗
- Так, гэта мой пярсцёнак! Першую задачу ты выканаў. Цяпер чарга за другой. Бачыш, вунь на лузе перад маiм замкам пасвяцца трыста быкоў. Ты павiнен iх усiх з'есцi. Разам са скурай, поўсцю, косткамi, рагамi. А ўнiзе ў склепе стаiць трыста бочак вiна. Ты павiнен iх усе выпiць. Калi ад быкоў застанецца хоць адна валасiнка, а ад вiна хоць адна кропля, развiтвайся са сваiм жыццём.
Каралевiч удакладнiў:
- А цi можна да сябе гасцей запрасiць? Без людзей i абед нясмачны.
Злосна засмяялася старая i адказала:
- Каб не быць табе ў адзiноце, запрасi каго-небудзь. Але толькi аднаго!
Пайшоў каралевiч да сваiх слуг i сказаў Таўстуну:
- Будзеш маiм госцем.
А той даўно марыў уволю наесцiся. Раздзьмуўся Таўстун i з'еў трыста быкоў. I валасiнкi ад iх не засталося. Пасля ў адзiн мiг выпiў усё вiно з бочак. Вылiзаў да апошняй кроплi на затычцы.
Закончыўся абед. Каралевiч з'явiўся да старой, паведамiў, што другая яе задача выканана. Здзiвiлася тая i кажа:
- Гэтага яшчэ нiводзiн чалавек выканаць не мог. Але ёсць для цябе яшчэ трэцяя задача. Вечарам я прывяду ў тваю спальню сваю дачку. Калi будзеце сядзець побач, глядзi, каб не заснуў. Я сама праверу апоўначы. Калi заснеш загiнеш!
Падумаў каралевiч: "Гэта лёгкая задача. Хiба можна заснуць з маладой дзяўчынай?" Ён усё-ткi клiкнуў сваiх слуг, параiўся з iмi, а пасля прапанаваў:
- Хто ведае, на якую хiтрасць заманьвае вядзьмарка. Прашу вас: пастойце на варце, сачыце, каб дзяўчына не выйшла з маёй спальнi.
Вечарам з'явiлася старая са сваёй дачкой i перадала яе ў рукi каралевiчу. Абкруцiўся Даўгалыгi вакол iх, а Таўстун стаў ля дзвярэй. Нiводная душа не змагла туды трапiць.
Сядзелi маладыя моўчкi. Месячык высвечваў прыгожы твар дзяўчыны. Каралевiч не зводзiў вачэй з нявесты. Пачуццё радасцi i кахання агарнулi яго душу. Так доўжылася да адзiнаццацi гадзiн. Ды раптам вядзьмарка напусцiла на ўсiх свае чары. Усе заснулi. У гэты мiг дзяўчына знiкла.
Прачнулiся яны, калi да апоўначы заставалася ўсяго пятнаццаць хвiлiн.
- Вох, якое няшчасце! - усклiкнуў каралевiч. - Цяпер я загiну.
Даўгалыгi i Таўстун таксама адчувалi сябе няёмка: падвялi гаспадара. Тады ўмяшаўся Слухач:
- Цiха, дайце мне прыслухацца.
Паслухаў ён крыху i кажа:
- Яна сядзiць на скале i плача. Iсцi да яе - трыста гадзiн. Даўгалыгi, калi выцягнецца ў поўны рост, зможа дайсцi да яе за некалькi крокаў.
- Добра, - адказаў Даўгалыгi, - але хай са мной пойдзе Вастравокi.
Так яны i зрабiлi.
У адзiн мiг слугi каралевiча былi ля скалы. Зняў Вастравокi павязку з вачэй, толькi зiрнуў на высокую скалу, яна i развалiлася на тысячу кавалкаў. Узяў Даўгалыгi дзяўчыну на рукi i тут жа прынёс яе назад. Перанёс i свайго сябра Вастравокага.
Не паспеў гадзiннiк прабiць дванаццаць, а маладыя зноў сядзелi ў пакоi, бадзёрыя i вясёлыя, як бы нiколi не развiтвалiся.
Убачыла iх вядзьмарка, затрэслася ад злосцi, перапалохалася i сказала сама сабе:
- Гэты жанiх мацнейшы за мяне!
Што ж, трэба выдаваць дачку замуж. I тут вядзьмарка выкарыстала свой апошнi шанец. Яна падгаварыла дачку, каб тая прызначыла сваё выпрабаванне для жанiха. I дачка прыдумала.
Яна загадала прывезцi ранiцай трыста вязанак дроў. Распалiлi касцёр, i каралеўна папрасiла каго-небудзь са слуг сесцi на вогнiшча. Яна думала так: нiхто не захоча смажыцца на агнi. Тады, можа, сам каралевiч будзе гатовы ўвайсцi ў касцёр. А гэта смерць для яго, пра што марыць яе мацi.
Слугi сказалi каралевiчу:
- Мы тое-сёе для цябе зрабiлi. Цяпер чарга Мерзляку праявiць сябе.
- Я не супраць! - адгукнуўся той.
Склалi дровы, пасадзiлi пасярод iх Мерзляка, падпалiлi. Зыркi касцёр гарэў цэлых тры днi. Калi полымя згасла, бачаць усе дзiўны малюнак: стаiць Мярзляк на папялiшчы i дрыжыць, што асiнавы лiст, кажа:
- За ўсё сваё жыццё так холадна не было, як у гэтыя днi...
I давялося цудоўнай дзяўчыне даць згоду выйсцi замуж за невядомага юнака. А вядзьмарка нiяк не магла супакоiцца, усё паўтарала: "Як перанесцi такую ганьбу".
Вось паехалi маладыя ў царкву павянчацца. Вядзьмарка паслала наўздагон iм сваё войска. Загадала: знiшчыць усё, што трапiцца на шляху, i вярнуць назад дачку.
Але гэты загад падслухаў каралевiчаў слуга Слухач. Пытаецца ў Таўстуна:
- Як нам цяпер быць?
Таўстун ведаў што рабiць. Ён некалi выпiў цэлае мора. Цяпер варта было яму плюнуць раз-другi i разлiлося за карэтай вялiкае возера. Вядзьмарчына войска ў тым возеры ўтапiлася.
Даведалася пра бяду вядзьмарка i паслала наўздагон маладым сваiх закаваных у браню коннiкаў. Слухач пачуў звон i ляск даспехаў, зняў у Вастравокага павязку з вачэй, - палопалiся коннiкi, што шклiны.
Далей жанiх i нявеста ехалi спакойна. Абвянчалiся ў царкве. Першымi iх павiншавалi верныя слугi i сказалi:
- Вашы жаданнi выкананы. Мы вам больш не патрэбны. Пойдзем падарожнiчаць далей ды шукаць сваё шчасце.
Развiталiся. Слугi пайшлi сваёй дарогай. Маладажоны - сваёй.
Вырашыў каралевiч выпрабаваць сваю маладую жонку. У паўгадзiны хадзьбы ад замка была вёска. Пасвiў ля яе свой статак свiнапас. Пад'ехалi яны да яго, каралевiч i кажа жонцы:
- А цi ведаеш ты, хто я? Я ж зусiм не каралевiч, а свiнапас. А той вунь, хто пасе свiней, мой родны бацька. Нам трэба яму дапамагчы.
Выйшаў каралевiч з карэты, зайшоў у харчэўню, тайна шапатнуў гаспадарам, каб тыя ноччу аднялi ў каралевы плацце.
Прачнулася яна ранiцай, а няма ў што адзецца. Дала ёй гаспадыня сваю старую спаднiцу ды шарсцяныя панчохi, зрабiла выгляд, што гэта вялiкi падарунак, сказала:
- Каб не ваш муж, я вам не дала б нiчога.
I паверыла каралеўна, што яе муж i напраўду свiнапас. Пачала разам з iм пасвiць статак. Дакарала сябе: "Я гэтага заслужыла за свае высакамер'е i ганарыстасць".
Так прадаўжалася восем дзён. Ногi каралеўны пакрылiся ранамi. Далей трываць яна не могла. Тады падышлi да яе двое сялян, пытаюцца:
- А цi ведаеце вы, хто ваш муж?
- Як жа, ведаю, - кажа, - ён - свiнапас. Ён толькi што пайшоў, каб выручыць крыху грошай за перавяслы i аборы.
А сяляне ёй адказваюць:
- Пойдземце з намi, мы адвядзем вас да яго.
Прывялi каралеўну ў замак. Увайшла яна ў залу, бачыць, стаiць там яе муж у каралеўскiм уборы. Але яна яго не пазнала, пакуль ён не кiнуўся да яе ды не пацалаваў.