Mybrary.info
mybrary.info » Книги » Проза » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗

Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗

Тут можно читать бесплатно Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗. Жанр: Историческая проза. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте mybrary.info (MYBRARY) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Перейти на страницу:

— Ну. Ды яны і таго не мелі. Бярэш?

— Разумееш, страшэнна мне шкада. І ўзяў бы, раз людзі добрыя так стараюцца даць. Нельга ж крыўдзіць. Бога ў душы мець трэба. Ды вось толькі для аднаго мяне гэтыя сто тысяч — многа. Не каштую сам столькі. А як на ўвесь народ падзяліць — ганебна мала. Ну, чаго ім з гэтага? Адных поршняў больш ператапталі, сюды ідучы. Усё адно як старгаваць карову па дарозе на кірмаш ды, не ўбачыўшы яго, перці назад. Прабач, не хачу я нічога браць ад вас.

— Узнясіся, азалацім! Свабодны будзеш.

— Дык дзеля мяне тае свабоды і так досыць. А ты унь іх спытай.

Дамініканец вадзіў вачыма па тварах апосталаў і цвёрда ведаў, што гэтыя пайшлі б на згоду.

— Ды мы з імі дамовімся.

— Глядзіш не туды, мніх.

Юрась паказваў у акно. За акном былі агні. Нібы зорнае неба ўпала на зямлю.

— Можа, гукнуць? Расказаць пра выкуп. Спытаць, ці досыць ім свабоды? Ці не аддадуць лішняй?

Басяцкі зразумеў, што ўсё кончана. Толькі не ўтрымаўся, каб не буркнуць:

— Свабода… Свабода… Кожны раз, як вы яе клікнеце — яна падымае галаву. Не торгайце вы яе. Яна харошая баба. Дайце вы ёй год сто паспаць спакойна, а там хаця канец свету — няхай устае.

— Яна харошая баба, — сказаў Хрыстос. — Наша баба. А паколькі яна наша баба — не твая, мніх, справа, у які час ночы нам яе будзіць. Ты мніх, святы, значыцца, ты ў гэтых справах разумець не павінен.

Спакойны, амаль лянівы здзек. Пёс Божы ўздыхнуў:

— Не, Хрыстос. Гэта не я, відаць, святы, а ты, калі столькі золата бабе пад ногі кінуў, абы ёй на імгненне ў вочы зірнуць, а пасля здохнуць без пакаяння.

Хрыстос устаў:

— Ідзі ты адсюль. Дарэмна стараўся ехаць. Не баімся мы каралевы, не патрэбен нам водкуп. Але, святы. Д'яблам быў, а цяпер святы. Свяцейшы за Паўлу.

Схіліўся да яго і сказаў шэптам:

— У цямніцах сядзеў, мяне ранілі, я сто разоў быў пры смерці.

Пальцы схапілі дамініканца за патыліцу сталёвай хваткай, няўхільна павярнулі тварам да акна, да агнёў.

— Мяне хвасталі, як іх, таму кожны ўдар па іхняй спіне гарыць цяпер на маёй. Мірыяды ўдараў кіямі, бізуном, каменнямі. Я валачыўся, блукаў, як Паўла і як яны. Разбойнікі на мяне нападалі і свае браты. Я галадаў іхнім голадам, і прагнуў, і мёрз, і памыляўся, і грашыў, і свят быў. Але я нікому яшчэ не здрадзіў на гэтай зямлі. І не збіраюся. Я не хачу быць ні з кім, акрамя гэтага народа, цяпер навекі майго. Я заслужыў гэтае права… Я гэта ўсё за іх… І калі яны — народ, то я — таксама. Вось апошняе маё слова.

Плоскія, трохі ў зелень, бы ў яшчаркі, вочы нібы згаснулі. Дамініканец устаў.

— Глядзі. Заўтра яшчэ можаш перадумаць. А паслязаўтра загаворыць сталь.

— Хай, — адрывіста кінуў Хрыстос. — Калі модлы не пераконваюць — хай гаворыць яна.

Бразнулі дзверы. Чорная постаць павольна праплыла пад акном, загасіўшы на хвіліну агні. А пасля яны заззялі нібы яшчэ ярчэй.

РАЗДЗЕЛ ХL НАГОРНАЯ КАЗАНЬ

Калі на зямлю лінуць патокі гора,
Кожны — прарок, хто людзям плыт
паратунку падгоніць,
Плыт паратунку і праўды.

Гімны Рыг Веды

І перад апошняй той ноччу павольна ўсходзіў народ на Чырвоную гару, што пад самай Гародняй. Цягнулі пару канонаў, захопленых дарогай, стомлена плыла людская плынь.

Гара ўсё больш шчацінілася віламі, цапамі і дзідамі. Дзесяткі і сотні знаходзілі сабе месца. Але большасць не спяшалася з гэтым.

Сядала сонца. У апошніх праменнях ягоных зіхацеў далёка вялікі горад, мэта паходу.

Горад ляжаў спакойна і мірна, нібы не ведаў, што глядзяць на яго тысячы вачэй. З усімі сваімі чатырохкутнымі і круглымі вежамі, з дзесяткамі вуліц і завулкаў, з вуліцай Стрыхалёў і Мечнай, Утэрфінавай і Абадранага Бабра, з выселкамі, тупікамі і слабодамі, са шпілямі храмаў і свінцовым дахам замка, з далёкім Нёманам, з ценем і святлом і страшнай Зітхальняй, якую было не відаць адсюль.

Сілуэты вежаў. Іскры вокан. Усё гэта было так мірна, так нагадвала нейкія іншыя гарады, дзе нікога не забіваюць, дзе гучаць арфы і гуляюць вясёлыя людзі, дзе нават муры — проста павага да часоў, якія неймаверна даўно адышлі ў нябыт, што Братчык на хвіліну да болю пашкадаваў гэты спакой. Добры, ціхі горад. Ён нагадваў… Што ён нагадваў?… А тое, што нагадвала і ўся гэтая зямля: скажоны, перакручаны, няўмелы, чарнавы малюнак чагосьці сапраўднага.

У гэтым горадзе былі сутарэнні, велля, бессаромныя людзі. Зітхальня, якой не было відаць адсюль. Каб ён мог, ён бы знішчыў усё гэта на твары зямным і пакінуў толькі там, дзе наблізіліся да дасканаласці: Каложу, Фарны касцёл, яшчэ некалькі веж, будынкаў, храмаў. Усё астатняе не варта існавання. Палацы з каменнага гною.

І ўсё ж ён ведаў: ён ідзе на небывалае, неўласцівае такім людзям, як ён. Ні ў якім разе нельга было запляміць рукі. Ніхто не даведаецца, не асудзіць, але нельга. Ён помніў вочы людзей. Вочы, вочы, вочы.

…У гэты момант з гаю, што ў баку ад брамы, вылецела сотні дзве коннікаў і памчала, нібы з апошніх сіл, нібы ў безнадзейную атаку, сотні дзве чалавек.

Ляцелі адным імклівым клінам, адным кулаком.

Сівавусы крэкнуў, падаў знак. Хаця было і далекавата яшчэ, людзі нацягнулі лукі з рагоў. Малады стараўся асабліва, хацеў паказаць сябе: адцягнуў цеціву ледзь не да вуха, шукаў вачыма мэту. Страшэнна хацеў удала стрэліць далей за ўсіх.

— Стой! — залямантаваў раптам Іуда. — Дзе вы носіце свае вочы, дзе?! Халера вам у бок, ліхаманка вам у галаву!

Нацягваць так цеціву не варта было. І волат не здолеў бы пасля страшэннай напругі турыных рагоў асцярожна вярнуць яе ў ненацягнуты стан.

Нешта ценькнула. Усе з жахам глядзелі, хто на маладога, хто на конніка. Малады абамлеў; мядзведзем зараўла сярод імклівага шалёнага кліна дуда.

Чалавек з чорнымі рукамі каваля, даўжэзны боўдзіла, жоўты, у пшанічны колас, падскочыў у сядле…

…Спаймаў слабую — пры канцы лёту — стралу. Усе войкнулі.

Пошчак капытоў нарастаў. Кавалькада падляцела пад адхон, пачала спешвацца. Толькі боўдзіла са стралой конна ўзляцеў на стромы адхон, шукаў шалёнымі ястрабінымі вачыма.

— Гэта хто стрэліў? Га? Хто?! — Ён быў страшны.

Маўчанне.

— Я, — урэшце прызнаўся малады.

— Малайчына, — сказаў Кірык Вястун. — Далёка страляеш.

Пакаціўся рогат. Кірык злез з каня:

— Здароў, Хрыстос, не забыў?

— Кірык Вястун… Кляонік з Разьбярнага Кута… Марка Турай…

— Памятаеш, — засмяяўся чарцяка Вястун. — Ну, давай пацалуемся… Здароў, апосталы… Гізунты адрасціў ты сабе, Фама, на апостальскім хлебе… А-а, здароў, брат Іуда. Як, здрадзіць яшчэ не збіраешся?

— Дзякуй, — сказаў Раввуні, — сабе даражэй. Адзін ужо аднойчы паспрабаваў, і нельга сказаць, каб гэта было асабліва весела для астатніх. А я вось дарма гэтым хлопцам крыкнуў… папярэдзіў.

— Ну добра, добра, давай пацалуемся, ці што… Слухай, Хрыстос, вось табе і падмога небальшэнькая. Мы былі ўцяклі, а пасля ў гай вярнуліся, сачыць. Ты сцеражыся, не лезь, як галавою ў печку. Войска з вартаю будзе даваць бой. Сядзяць унь там, у правым гаі і ў лагчыне, і там. Заўтра выйдуць строем на Воласава поле. У цябе людзей колькі?

— Тысяч каля дзесяці, каб яны здаровы былі, — сказаў Хрыстос.

— Ну, а іх з вартай войта тры з невялікім. Лічы, удвая больш. Цяжкая конніца, латы, каноны.

Усе змоўклі. Адчулі смяротны цяжар заўтрашняй працы.

— Значыцца, спачатку трэба не дапусціць да сябе, — сказаў Фама. — З прашчаў біць.

— Таксама мне яшчэ Давід, — сказаў Іуда з іроніяй.

— Ты што ведаеш? — раззлаваўся Тумаш на тое, што нехта засумняваўся ў ягоных ваенных здольнасцях. — Навучыся спярша меч трымаць!

— Не ўмею, — сказаў Раввуні. — Але ўсё адно. Ты заўтра пойдзеш на двабой. Я з кімсьці — дражніць іх. Кожны робіць, што можа.

— Не пойдзеш ты, — сказаў Хрыстос.

Перейти на страницу:

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч читать все книги автора по порядку

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mybrary.info.


Хрыстос прызямліўся ў Гародні отзывы

Отзывы читателей о книге Хрыстос прызямліўся ў Гародні, автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Уважаемые читатели и просто посетители нашей библиотеки! Просим Вас придерживаться определенных правил при комментировании литературных произведений.

  • 1. Просьба отказаться от дискриминационных высказываний. Мы защищаем право наших читателей свободно выражать свою точку зрения. Вместе с тем мы не терпим агрессии. На сайте запрещено оставлять комментарий, который содержит унизительные высказывания или призывы к насилию по отношению к отдельным лицам или группам людей на основании их расы, этнического происхождения, вероисповедания, недееспособности, пола, возраста, статуса ветерана, касты или сексуальной ориентации.
  • 2. Просьба отказаться от оскорблений, угроз и запугиваний.
  • 3. Просьба отказаться от нецензурной лексики.
  • 4. Просьба вести себя максимально корректно как по отношению к авторам, так и по отношению к другим читателям и их комментариям.

Надеемся на Ваше понимание и благоразумие. С уважением, администратор mybrary.info.


Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*