Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗
Але дзверы не адчынялі, а ён ужо бачыў не толькі твары сваіх, а і твары крымчакоў, збольшага шырокія і мускулістыя, гарбаносыя, з ашчэранымі пашчамі. Шаломы — місюркі, малахаі, халаты паўзверх кальчуг, чоўнікі страмёнаў.
Ноздры ягоныя лавілі ўжо нават пах ворага: дзікі, чужы, сумесь палыну, барановага лою, пранасцяў, поту і яшчэ чагосьці.
— І-гі-гі! І-гі-гі!
І раптам ён усім нутром зразумеў: не адчыняць. Збаяліся або намер такі, чорт яго ведае, дзеля чаго. Цяпер і самому не ўскочыш. І, значыцца, усе трапілі ў пастку, і ён таксама. Калодка на шыі, ланцугі, аркан, шлях у Кафу. Вось і канец твой, ілжэ-Хрыстос. І няма чаго з надзеяй глядзець на неба, не дапаможа
Захэканыя, чырвоныя ад напругі твары з дзікім выразам жаху былі ўжо блізка. Нават калі б яны пачалі падсаджваць людзей — перш за ўсё жанчын — на мур, яны паспелі б падсадзіць ад сілы трох-чатырох. І, значыць, схопяць і Тумаша, і Іуду, і ўсіх, і яго. Бедных не выкупяць. Рабства. Бізун.
Ён агледзеў мур, і раптам нешта мільганула ў яго вачах: «А можа, і ўскочыш?»
Хрыстос пабег насустрач уцекачам. Убачыў, што ў вачах некаторых шалёнае здзіўленне. Але ён не бег доўга. Сажняў за дзесяць ён павярнуўся і, набіраючы хуткасць, памчаў да мура.
— Так! — хрыпата крыкнуў Тумаш. — Так! Абы не палон.
Ён падумаў, што Хрыстос хоча разбіць галаву аб камяні. Але той не думаў пра гэта. Разагнаўшыся, ён, нагамі наперад, скокнуў на мур і, скарыстаўшы інерцыю, зрабіўшы на ім два крокі, ускінуў рукі, захапіў-такі пальцамі за востры верхні край яго, зрываючы пазногці, наддзіраючы жывот, звіваючыся, падцягнуўся і з нечалавечай сілай, сілай адчаю і безвыходнасці, ускінуў-такі адну нагу, а пасля і сам сеў верхам на замшэлыя камяні. Упаў галавою на верх забрала ў раптоўным страшным знясіленні.
Зверху ўбачыў твар Раввуні, ягоныя працягнутыя рукі, вочы, у якіх былі радасць за яго і адначасова бязмерная роспач.
У гэты час татарва нагнала і схапіла Яна Зеведзеева і Фаму. Хрыстос не разумеў, чаго так. Ян быў жанчынападобны, гэта так, Але Фама? Толькі пасля ён здагадаўся, што ў гэтым няверным прысмерку не было часу разглядаць. Акрамя таго, крымчакі, па дурасці і недасведчанасці, не здолелі адрозніць белых рас манахінь ад палатняных, брудна-белых апостальскіх хітонаў.
Апосталаў цягнулі на коней. Пасля пачалі ўзлятаць арканы. Сталі хапаць жанчын. Чуўся віск, крыкі, тупатанне коней, чужая лаянка.
— Я тае лапну! — Фама апусціў аглушальную аплявуху. — Я тае лапну двараніна!!!
— Гвалт!
— Вось гэта бабы! — крычаў крымчак. — Дужа вылыкы бабы. Гэтых хапай.
— Ігі-гі! Ігі-гі!
З краканнем, нібы дровы сек, малаціў Піліп. Але вакол усё больш гурбіўся конны смярдзючы натоўп.
Ніхто з уцекачоў не здолеў бы скочыць на мур, занадта былі знясіленыя. Але Хрыстос і не думаў аб паратунку аднаго сябе. Патрэбна была, можа, адна толькі хвіліна, каб нешта… Ат, чорт!
Над Іудам са свістам узляцеў аркан. Захапіў за глотку.
— Хрыстос!!! — у адчаі, з перахопленым дыханнем, толькі і паспеў крыкнуць няшчасны.
І тады Хрыстос устаў на ногі.
…Ігумення і Пархвер, якія цягнулі скручаную Анею да брамы ўнутранага мура, спыніліся, пачуўшы гэты крык.
— Ч-чорт, што такое? — спытаў волат.
Твар Анеі быў змарнелы і безуважны. Яна глядзела ў зямлю. Яна чула віск і крыкі і разумела ўсё. Ігумення пастаралася яшчэ пазаўчора адкрыць ёй вочы на лёс, што яе чакаў.
— То адчыняй дзверы, — шэптам сказаў Пархвер.
Ігумення, аднак, не спяшалася: яна ўчула, што за брамай, у двух кроках ад іх, нехта глуха рыдаў.
…Магдаліна, да крыві разбіўшы кулакі, распасцерлася на брамнай палавінцы, шырока раскінуўшы рукі, як распятая. Адзін адчай валодаў ёю. Скажы яна аб усім — яны ўдзерліся б сюды некалькі гадзін назад, і тады нічога б не было. А цяпер ён у іхніх руках. Чорт з імі, з астатнімі, але ён у іхніх руках. Яна калацілася галавою ў акутую жалезам палавіну, а пасля кінула і ўжо толькі плакала.
— Цс-с! — сказала ігумення.
Яна ціха, як кошка, узбегла сцёртымі каменнымі сходамі на забрала. Мур той быў утрая вышэйшы, чым вонкавы, з зубцамі. Яна прыпала да прасвету між імі і ўбачыла чалавека, які раптам выпрастаўся на вяршыні каменнай агароджы.
Тады яна паспешліва збегла ўніз, зашаптала Пархверу:
— Гэты, на муры. І жанчына тут, ля брамы. Зараз ён, пэўна, кінецца сюды. Зведаў.
— То выпускай…
Скручаная жанчына безудзельна глядзела ў зямлю. Яна сядзела на траве. Як толькі Пархвер кінуў яе, яна села: не трымалі ногі. Твар быў нібы здраўнелы. Вакол вачэй — сінія цені. Ігумення пакасілася на яе:
— Яму ў рукі?
— Чорт з ім. Абодвух і захопяць.
— А як не? А як выкруціцца ды прыскочыць сюды?
— Мур!
— Мур з дзікага каменю. А гэты спрытняга…
— Пускай, кажу, — Пархвер быў белы ад трывогі.
— Не, — уладна адсекла тая. — Трэба паглядзець, што і як. Павялі ў вежу. Адчынім вонкавую браму. Калі схопяць — выпусцім. А як па-мойму, дык выпускаць не трэба. Трэба выбірацца адсюль. Ходам. Ён выводзіць у яр. Крымчакі туды не рызыкнуць — нетры. А там заўсёды чакаюць коні.
— Загаду не выканаеш, — раззлаваўся волат.
— Лепей не выканаю. Лепей самому Лотру аддам — хай робіць, што трэба. Яму лепей ведаць. Спіхнуць з рук, і хай сам разбіраецца. А як выпусцім, як аддамо, ды яны дзівам нейкім уцякуць, схаваюцца — то што тады? Мне — духоўны суд ды, у лепшым выпадку, каменны мех да смерці. А ўжо табе ўздыхальні не мінуць. Як пакароцяць цябе, — яна змерала вокам, — дзюймаў на пяць-шэсць — чым тады заспяваеш?
Пархвер пацёр шыю. У гэты момант зноў прагучаў адчайдушны крык:
— Хрыстос!
І хаця Анея нічога не чула — гэты крык нібы вярнуў ёй прытомнасць. У вачах мільганула жывая цікаўнасць. І нечакана жанчына нібы ўзвілася:
— Ю-рась! Хрыстос! Хрысто-ос!
Пархвер кінуўся да яе, падхапіў на рукі, бегма памчаў да вежы. Ігумення трухала за ім.
— Хрыс…
Пархверава далонь заціснула не толькі яе рот, але і ўсё аблічча.
…Шкаляр на муры, пачуўшы крык, выпрастаўся. На хвіліну вочы зрабіліся дзікія.
«Пачулася? — падумаў ён. — Яна?… Ды не, ніхто не крычыць. Цішыня… Пачулася… І як гэта я нічога не забыў?»
Ён урэшце адчуў, што сілы вярнуліся. Унізе ўсё яшчэ мітусіўся натоўп, кіпела звалка, гучалі немыя крыкі.
Зрынуты Іуда, усё яшчэ з зямлі, усё яшчэ пераціснутым голасам кінуў:
— Пакідаеш нас?
Замест адказу Юрась пабег па сцяне. Спыніўся.
— Кладзі-іся! — несамавіта закрычаў ён. — Хто свае — кладзі-ся! Усе! Ляжы ціха!
Гэта быў такі крык, што яго пачулі нават сярод шалёнай какафоніі бойкі. Большасць з непаразуменнем.
— Кладзіся!
Людзі пачалі падаць тварам на зямлю. І тады Хрыстос моцным ударам нагі скінуў уніз адну фігуру святога, вялікі вулей з доўбленай ліпы.
Вулей ляснуўся ўніз, раскалоўся, нібы на пару ночваў. Вываліліся круглыя рэшаты вашчыны. І адначасова з разбуджаным натужным гулам узвіўся ўгору дымок.
Хрыстос бег па муры, разумеючы, што спыняцца нельга: заядуць да смерці. Бег і штуршкамі нагі скідаў вуллі. Святыя павольна хіліліся, пасля дзяўблі носам і, набіраючы хуткасць, падалі, разбіваліся. І ўсё гусцей і гусцей было ў паветры ад «дыму», і ўсё гучней і гучней звінела, гудзела, раззлавана гневалася паветра.
Ён бег і скідаў, бег і скідаў… Кацярыну… Ганну… Міколу… з люлькай… Самога сябе, драўлянага.
Нехта закрычаў унізе. Пчолы знайшлі ворагаў. Яны не чапалі тых, што ляжалі нерухома. Яны раямі кідаліся на тых, хто рухаўся і цягнуў і хапаў, чые коні скакалі ў паветры.
Немы лямант. Нехта адпусціў паланянку, замахаў, нібы млын, рукамі. Завыў Тумаш, трапіла і яму. Гэта карысней, чым ісці на аркане… Яшчэ ўдар нагою. Зрабіў свечку адзін конь, другі, трэці. Яны пачалі шалёна кідацца, гігатаць, збіліся ў поўную жаху чараду.
Узляталі і ўзляталі чорныя, як хмара, раі. Татары пачалі кідаць палонных, адмахвацца, круціцца. Юрась убачыў, што галовы ў некаторых ужо нагадваюць рухомы жывы шар.