Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗
Бекеш глядзеў на гэта і сціскаў кулакі.
— Паршывыя свінні, — шаптаў ён. — Аксамітныя каты. Кажаны. Якая брыда!
А вакол нарастаў і нарастаў рогат. Жарт спадабаўся лепшым людзям. Натоўп рагатаў. І толькі дзіця на руках у нейкай жанчыны надрывалася ў нячутным сярод рогату плачы.
Карніла глядзеў на дзіця. Нягледзячы ні на што, ён любіў дзяцей, бо яны былі зусім слабыя, і не мог выносіць, калі яны плачуць. Акрамя таго, ён шмат перажыў за апошні час. І вось ён стаяў і глядзеў, і нават старонняму воку было відаць, як нешта варочаецца за гэтым нізкім лобам.
Ён не сказаў ніводнага слова. Ён проста ўзяў вартавога сваёй страшнай ручышчай за шыю, трохі сціснуў і, без усякага выразу на абліччы, стукнуў лобам аб касцёр бярвенняў. Гэтага выявілася досыць: вартавы ляжаў нерухома. Карніла махнуў рукой і пайшоў да гульбішча.
Дзіўна, гэтая крыўда і гэты рогат нібы вярнулі Хрысту сілы. Хвіліна слабасці трывала нядоўга. Калі перасталі дрыжэць вусны, ён расплюшчыў вочы.
— Басяцкі! Лотр! Камар! — Голас гучаў хрыпата і шорхла і раптам нібы прарэзаўся, затрубіў, загрымеў: — Вы — антыхрысты! Вы — гніль! Я памру! Я выклікаю вас на суд Божы. Месяца не пройдзе, як мы сустрэнемся. Месяца! Месяца! І тады будзеце піць сваю чашу вы!
Пагроза была жахлівая. Рогат нібы адсекла. І ў цішыні, што ўпала раптам, пачуўся меладычны кароткі гук, нібы нехта крануў струну.
— Пі, — шапнуў Фама. — Пі першы. Да гэтага жарту я хацеў — не цябе…
Гульбішча было зроблена па тым жа прынцыпе, што і канстанцінопальская кафізма; падлога ад глухой балюстрады паніжалася: адступіш крок і знік. І таму ніхто не заўважыў, як і калі знік, як адступіў, як упаў на спіну мніх — каплан касцёла Дамініканаў, сябра Лайёлы і яго аднадумец Фларыян Басяцкі.
Езуіт па сутнасці і думках, ён так і не дажыў да таго дня, калі папа прызнае пачварнае старэнне яго сябры, не стаў членам о р д э н а, не ўбачыў яго магутнасці.
Страла тырчала ў яго ў горле.
І ён ляжаў і паводзіў нагамі і ўсё глытаў, і глытаў, і глытаў нешта. Піў. Потым шэрыя, плоскія, трохі ў зелень, вочы ягоныя спыніліся на нечым адным. На чым — не ведаў ніхто.
І ніхто не кінуўся яму на дапамогу. Лотр і Камар толькі спехам нацягнулі з-пад мантый на шыю каўняры кальчуг, далі знак несці забітага.
— Канчайце, — хрыпата сказаў Лотр. — Хутчэй.
Хрыста павялі на вяршыню Ўздыхальні, дзе пад натужлівыя крыкі ўжо ўздымаўся — яго штурхалі латамі, — рос у небе вялізны сасновы крыж. Пахістаўся і стаў. Ліхаманкава замільгалі рыдлёўкі. Падышоў млявы і нібыта спешчаны, шырокі ў плячах, руках і клубах кат.
Карніла стаяў за спінамі ў Лотра і Камара, упарта глядзеў на іхнія патыліцы і нязвыкла, туга — аж рыпелі мазгі — думаў:
«Бач, як глядзіць… Крыж… Страшна гэта, дужа… А ён глядзіць, нібы гэта другога… Няправедна… І Паўла, відаць, не таму святы, што ўсё жыццё сыноў веры ў турмы валок… Мабыць, кінуў пасля… Вось Божы суд аднаго і ўзяў… А гэтых… гэтых я заўтра заб'ю. Або паслязаўтра… Або праз чатыры дні. Але не пазней, чым праз месяц… Божы дык Божы, суд дык суд… Там разбяруцца».
Кірык Вястун вярнуўся да сваіх, хаваючы ў кішэнь крэсіва і сушаную губу. Людзі ягоныя стаялі і лічылі ўдары ўласных сэрцаў.
Хто раней падасць знак — Каваль ці Лотр? Паспеюць ці не? Знак падаў кардынал. Але адказам на гэты знак была нейкая дзіўная збянтэжанасць сярод падручных ката. Нейкае замяшанне адбывалася сярод людзей на вяршыні ўзгорка.
— Што там? — спытаў Камар.
— Ды што… — незадаволеным ясным голасам сказаў кат. — Прывязаць яго трэба? Трэба. Чым прывязаць? Прывязаць вяроўкай. Вось! А вяроўку нехта сцягнуў. На продаж, трэба думаць. Каб жа, калі гэтага злодзея павесяць, вяроўку ягоную па кавалках ахвочым прадавалі. На шчасце. Выгадней было б.
— Што ж, іншай няма? — спытаў Лотр.
— Дык няма, — у вачах у ката была дзіўная меланхолія. — Збяднелі. А як яго прывяжаш без вяроўкі?
— Знайсці, — сказаў Лотр. — Служкі, бяжыце хаця па ўсім горадзе. Знайсці! Знайсці!
— Пагаспадарылі, называецца, — бурчаў кат. — Вяроўкі нельга знайсці, каб чалавека павесіць. Працуй вось, гары на працы — хаця б хто дзякуй сказаў.
Людзі чакалі. Стаяў і чакаў ля крыжа Хрыстос. Глядзеў на натоўп. І пад ягоным позіркам змаўкалі разубраныя і пашыраліся вочы апранутых у рыззё.
— Што з табой, Кашпар, куды глядзіш?
— Гэта я запомню. Гэта я ім запомню.
Вецер варушыў валасы Хрыста. Ён глядзеў, ён бачыў абліччы. Тысячы абліччаў. Бачыў жывых і забітых. І гэта было тое, неўміручае, імя чаму — Народ.
РАЗДЗЕЛ LХ ВЕРА ФАМЫ
Балада
Фама бачыў усё, што бачыў Хрыстос, хаця вочы ягоныя былі залітыя слязамі. Ён бачыў усё, таму што ўсё разумеў. І ён не мог больш. Ён маліўся, пакутліва напружваючы ўсю сваю веру, якой у яго было вельмі мала, і ўсё жаданне сваё, якому не было мяжы.
— Цуда! Цуда! Не толькі я — у с е… У с е хочуць цу-да! Хай знікне з ганебнага гэтага эшафота! Хай знікне! Хай знікне!
Ён да болю зажмурыў вочы, да знямення сціснуў валасатыя задзірыстыя, грэшныя свае кулакі.
— Малю. Малю. Усе моляць. Хай знікне. Хай будзе ў палях. Сярод добрых, сярод сваіх… Хай знікне з гэтага Садома! Хай знікне!
І тады ўдарыў пярун.
Ён ударыў так моцна і страшна, што ўсіх хістанула паветрам.
Фама расплюшчыў вочы. Над мурам, над тым, што калісьці было мурам, стаяла страшная, чорная з крывавым хмара, і адтуль падалі камяні і цягнуўся на натоўп, хаваў яго, задушлівы дым.
Але Фама глядзеў не на хмару. Ён глядзеў на эшафот са зламаным крыжам. Каля эшафота ляжалі кат і падручныя. Ляжалі ніцма і тыя, багата разубраныя. А на эшафоце нікога не было.
РАЗДЗЕЛ LХІ БЕКЕШ
Нас лічаць памерлымі, але вось мы жывыя, нас караюць, але мы не паміраем.
2-е Карынфянам, гл. 6, ст, 9
Бекеш са свайго кантрфорса бачыў усё. Бачыў, як выбух парахавых бочак ушчэнт разнёс мур і абурыў яго вонкі, на схіл, што вёў да Нёмана. Бачыў, як грукат і камяні прымусілі ўсіх, хто не чакаў — варту, знакамітых і царкоўнікаў на гульбішчы, — кінуцца ніцма і як, карыстаючыся гэтым, нейкія людзі рыўцом сцягнулі Хрыста з эшафота і памчалі праз натоўп вузкім праходам, які адразу зацягваўся за імі, як зацягваецца раскай акно ад кінутага ў стаў каменя.
Пасля ён убачыў, як група людзей пералілася цераз брылы камянёў у праломе, пачуў праз некаторы час шалёны пошчак конскіх капытоў і зразумеў, што людзі гэтыя зрабілі немагчымае.
Цягнуўся над зрынутымі дым і рассейваўся і чырванеў ад зыркага агню (запалала стайня і драўляныя рыштаванні каля муроў), але варта ўжо ачомалася і кінулася да пралому.
Бекеш бачыў, як нейкія людзі, нібыта незнарок, блыталіся ў іх пад нагамі, трапляліся якраз на іхняй дарозе, падалі, як быццам ад штуршкоў, проста пад ногі тым, хто выводзіў са стайні коней.
Коні гігаталі і не хацелі ісці на людзей. І тыя, што перашкаджалі, па адным рассмоктваліся, губляліся ў натоўпе, які крычаў і ірваўся да брамы.
А ў праломе ўсё яшчэ бразгалі, звінелі мячы. Маленькі строй сталлю стрымліваў тых коннікаў, якія маглі ўжо кінуцца ў пагоню.
Бекеш адчуваў небывалае захапленне, сам не ведаючы чаму. Не ведаючы. Бо гэта было якраз тое, чаго не хапала людзям ягонага кола.
І яшчэ ён бачыў, як жанчына, прыгожая высокай, вытанчанай прыгажосцю, ішла ад эшафота. Яна ўсміхалася, але з вачэй яе ліліся слёзы.
— Далей нічога, — пачуў ён яе ціхія словы.
Яна ішла да апусцелай ужо брамы, але здавалася, што яна ідзе ў нікуды. А за ёю, на некаторай адлегласці, ехаў на кані малады чалавек з гожым і разумным абліччам, якое спагадала, любіла, усё разумела і даравала ўсё.
І Кашпар на хвіліну пашкадаваў да болю гэтую кабету, прыгажосць якой была некалі такой смертаноснай, а цяпер такой прыступнай для бедаў, гора і памяці аб няшчасным каханні. А пасля зноў пачаў глядзець на агонь і слухаць музыку мячоў, якая сціхала (ён не ведаў, што заслон адступаў да чаўноў, каб правіцца за Нёман). Водсвет агню скакаў на яго абліччы, адбіваўся ў цёмна-сініх, вялізных вачах.