Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (книги регистрация онлайн бесплатно .txt) 📗
— Ану, пайшлі з ім. Кідай справу.
— Чакай, Кляоніка возьмем. Дый цяжар там пакінем.
— Ну, давай.
Яны пакрочылі да невялікай майстэрні ў суседнім Разьбярным куце.
— Вы, хлопцы, Ціхону Вусу толькі нічога не кажыце. Сорам! Задражняць. Скажуць: «Кіпаць».
— Ты, дзядзька, маўчы, — сказаў Марка.
Перад домікам разьбяра пылу не было. Усю вулку тут засцілаў тоўсты слой стружак і габлюшак, і старых, пацямнелых, і пахучых, новых. Пад навесам, што апаясваў будыначак, стаялі загадзя зробленыя падмайстрамі балванкі, недаробленыя багі. І вялікія, і сярэднія, і зусім малыя. Над нізкімі дзвярыма — складзень з двума адкінутымі, як аканіцы, палавінамі (каб прыкрыць у дождж ці завіруху). У складні, на немалую спакусу ўсім — Маці Божая, як дзве кроплі вады падобная на славутую зеляніўшчыцу з Рыбнага рынку Фаўстыну, нават не каталічку. Фаўстына, склаўшы ручкі і схіліўшы ўсмешлівую, чарцячую галоўку, з цікаўнасцю, бы з яра на голых купальшчыкаў, глядзела на людзей.
— Кляонік, дружа! — гукнуў Марка.
Адчынілася слюдзяное акенца. Выглянула, як на майстра, то і зусім саплівая (год пад трыццаць), галава. Смяецца. А чаго не смяяцца, як дагэтуль халасты, як усе цябе любяць, нават прыгажуня непараўнальная, Фаўстына.
Кляонік, вітаючы, узняў руку з разцом. Валасы, як залацістая хмара. Цёмна-блакітныя вочы і велікаваты рот смяюцца. І Марка засмяяўся яму ў адказ. Сябры! Усмешкі аднолькавыя. Вельмі прыемныя, трохі лісіныя, але бяспечныя.
— Выходзь, Кляонік, справы.
— Чакай, вось толькі задніцу святой Інэсе дараблю, — сказаў разьбяр.
— Як задніцу? — спытаў Гіаў.
Замест адказу Кляонік паказаў у акно драўляную, у палову сажня, статуэтку жанчыны, якая ўкленчыла перад кімсьці. У жанчыны былі доўгія, да зямлі, валасы. Невядома, як гэта ўдалося разьбяру, але каштанавае дрэва гэтых валасоў было лёгкае нават на выгляд і, здавалася, празрыстае. А паколькі жанчына трохі схілілася, прыціскаючы гэтыя хвалі да грудзей, валасы ўпалі наперад, прыагаліўшы частку спіны. Дзіўнай прыгажосці была гэтая спіна, схопленая мастаком ў лёгкім, амаль непрыкметным, але поўным грацыі выгіне.
І нічога тут не было кепскага, але разьбяр нібы саромеўся трохі і гаварыў грубавата.
— А так. Яна ж валасамі галізну прыкрыла ў паганскай турме. Дзіва здарылася.
— Дык, пэўна, і… спіну? — сказаў прыгаломшана Гіаў.
— А мне што? Усё адно яна ў нішы стаяць будзе. Хто заўважыць? А мне практыкавацца трэба. Усе святыя ў рызах, бы язык у звоне, а тут рэдкі выпадак.
Некалькімі амаль нябачнымі, пяшчотнымі рухамі ён падправіў статую, кінуў ёй на галаву фартух — прыкрыйся! — і выйшаў да гасцей, падпёршы трэсачкаю дзверы.
Вестуна, Дудара і Зянонавага сябра Ціхона Вуса знайшлі ля Ціхонавай майстэрні ў залатым радзе.
Ціхон, і сапраўды такі вусаты, што каштанавыя хвалі вусоў віселі да сярэдзіны грудзей, выслухаўшы, скрывіўся.
— Дурань ты, дружа, — сказаў ён Зянону. — Я за той хлеб яму адрабіў. Пярсцёнак залаты з хрызапразам зрабіў ягонай… гм… яшчэ ў мінулым лістападзе. Яна ў лістападзе нарадзілася, то хрызапраз ёй — шчаслівы камень. Няўжо такая праца паловы бязмена збожжа не вартая? Я думаў — мы разлічыліся. І потым, калі галубы вінаватыя — ён павінен табе аддаць. Пляц, на якім ягоная крама стаіць, належыць Цыкмуну Жабе. І ён за яго ані шэлега Жабе не плоціць, а за гэта абавязаны галубоў з Бернардынскай і Янавай галубятняў гадаваць. То ён, відаць, ад нясытасці не гадуе. Вочы ў яго шырэйшыя за пуза і прагныя, як ястрабава валлё. Святых птушак да разбою прывучыў. Што ж рабіць?
Кірык схаваў у кішэнь косці, якімі ад няма чаго рабіць мужыкі гулялі ўтрох, і ўстаў.
— Ану, хадзем.
— Куды яшчэ? — спытаў Зянон. — Вечна ты, Марка, раззвоніш.
— Хадзем, хадзем, — падтрымалі каваля сябры.
Ціхон таксама ўстаў. У яго былі дзіўныя рукі, брудна-залатыя аж вышэй кісцяў — так за дзесяць год уеўся ў іх бязважкі залацісты пылок, адзінае багацце майстра. Жылаватыя вялізныя рукі.
І гэтыя залатыя рукі раптам сціснуліся ў кулакі.
…У суднай зале чыталі прысуд. Чытаў ларнік* суда, нават па выгляду дурны, як левы бот. Вырачваў вочы, рабіў жэсты пагрозы, жэсты міратворня, жэсты ўрачыстыя. А словаў зразумець было амаль нельга — быццам гарачую кашу варочаў у роце чалавек.
* Архіварыус, натарыус, часам — сакратар.
— Ясней там, — усміхнуўся Лотр.
— «…з гэтага сыходзячы, — ларнік адкашляўся, як Пярун, — высокі наш суд загадвае сатанінскаму гэтаму адроддзю…» Слухай!
Ад пярунападобнага голасу мышы ў клетцы сталі на заднія лапкі. Ларнік павучальна і ўжо ад сябе сказаў ім:
— Сказана бо, здаецца, у «Кнізе Выйсця»: «Шма, Ізраіль!» Гэта, значыцца, «слухай, Ізраіль», во як.
— У вас што, усе тут такія абдараваныя? — спытаў Лотр.
— Многа, — сказаў дамініканец.
Ларнік чытаў са скрутка далей:
— «Загадвае высокі наш суд асудзіць тых на баніцыю*, выгнаць тых мышэй за межы слаўнага княства і за межы слаўнага каралеўства, да ерэтыкоў, — няхай ведаюць. А паколькі яно высокае, наша правасуддзе, — выдаць ім ахоўную грамату ад катоў і варон». Вось яна.
* Выгнанне.
Карніла ўзяў у ларніка скрутак, пайшоў у кут, пачаў запіхваць яго ў мышыную нару. І раптам скрутак, нібы сам сабою, паехаў у падмосце, а яшчэ цераз хвіліну адтуль даляцеў радасны, сатанінскі віск.
— То ж бо, — сказаў сотнік. — З моцным не судзіся.
Волат Пархвер прыслухаўся:
— Яны, па-мойму, яго ядуць. У мяне слых тонкі.
— Іхняя справа, — буркнуў Сотнік.
У падмосці пачалася радасная валтузня.
— Бачыце? — сказаў змрочны Камар. — І яны прыйшлі. І гэтым цікава.
Кардынал устаў.
— Думаю, не павінны мы забываць аб літасці, аб чалавечнасці, а ў гэтым выпадку — аб анімалізме. Трэба даць два тыдні спакою маткам з малымі мышатамі… Нельга ж гэта, каб у дваццаць чатыры гадзіны.
— Розум добра, а дурасць — гэта дрэнна, — як заўсёды, ні з пушчы ні з поля сказаў Жаба.
— І месяц тэрміну для цяжарных мышэй, — сказаў Басяцкі.
Ларнік слухаў, што яму кажуць і шэпчуць, крэмзаў нешта пяром. Потым устаў і агаласіў:
— У адваротным жа выпадку — анафема!
Сябры стаялі ля хлебнікавых дзвярэй. Хлебнік шныпарыў вачыма па суседзях-крамніках, але тыя, відавочна, не хацелі звязвацца са здаравеннымі, як буйвалы, рамеснікамі.
— То што, — спытаў Вус, — пярсцёнка майго не лічыш?
— Чаму? — схаваў вочы хлебнік. — Ну, памыліўся. Ну, памылка. Насыплю яму яшчэ вузлік.
— І той насып, — змрочна сказаў «грак» Турай.
— Гэта чаму? — узвіўся хлебнік.
— А таму, — сказаў, смеючыся, Марка. — Чыя справа галубоў гадаваць? Ціснешся, скупірака? З-пад сябе з'еў бы?!
— Ты ўжо змоўч, шчанюк, — засычэў быў на яго хлебнік.
— А я вось табе дам «вузлік», — заступіўся за сябра Кляонік.
— Ты чаго лезеш?! Ты?! Каталік! Брат па веры!
— Брат я табе на нашых могілках буду: ты ля капліцы, я — з краёчку, дарма што я багоў рабіў, а ты іх рабаваў.
— Блюзнер! — кіпеў хлебнік.
— Змоўч, кажу, — усміхаўся Кляонік. — А то я з цябе лішняе дрэва здыму або зусім зраблю з цябе Яна Непамуцкага*.
* Адрэжу галаву.
— А вось табе і торба дзеля гэтага. — Кірык кінуў да ног хлебніка мех.
— Гэта яшчэ нашто? — пачырванеў той.
— Ён даў табе дзесятую частку талера. Гэта больш паловы вось гэтага меха.
Зянону было хоць праз зямлю праваліся. Сам не здолеў, лабідуда, то вось сябры за яго распінаюцца.
— Не, — ледзь выдушыў хлебнік.
— Значыцца, не дасі жыта?
— Раджу, ці што?
— Та-ак, — падазрона спакойна сказаў Кірык. — Духі святыя ўсё падзяўблі, мышы падсудныя.
І ён раптоўна ўзяў хлебніка за грудзі.
— П'янюга, мачыморда, рабаўнік, ты ў мяне зараз Нёманаву ваду будзеш піць да страшнага суда.
— Дзядзька… Дзядуля… Татуля… Швагер.
— Ідзі, — кінуў яго ў дзверы Вястун.
Хлебнік пабег у склад.
— Дзі-ур-лі-бе-бе-бе-бя-бя-бя, — непераймальна, да самых нізкіх гукаў спускаючыся, прабляяла яму наўздагон дуда. Нібы вялізны дурны баран аддаваў Пану Богу садухі.