Афганская шкатулка - Федоренко Андрей (читать книги онлайн полностью без регистрации TXT) 📗
— Як в'етнамскі гурок, — сумна прамовіў Цім, гледзячы на сябравы завіханні. — Адрэжаш кавалак, за ноч новы вырастае.
— Гэтай хвоі надоўга хопіць, — запэўніў Валік. Надоўга! Начаваць яны тут, ці што, сабраліся?..
Пачалі падсмажваць сала на агні, падстаўляючы знізу лусты хлеба.
— Крушынскі наказваў цябе глядзець, а мы наадварот — твае прыпасы знішчаем, — пазнавата спахапіўся Валік.
— Ды ешце, шчасце такое, — сказала Віка.
Не да прыпасаў ёй было цяпер. Валік, ледзь не ў вагонь рукою з хлебам лезучы, каб ніводная кропля тлушчу не прапала, пачаў філасофстваваць:
— Дык што! Як я зразумеў, Крушынскі і «Васіль» — адно й тое ж?
— Псеўданім, — падказаў начытаны Цім.
— Без цябе ведаю. Значыць, ён таксама ваяваў у Афгане? Значыць, мае ўсе патрэбныя дакументы?
— Калі гэта «Васіль», — ізноў умяшаўся Цім, у якога думкі ішлі ў крыху іншай, чым у ва ўсіх, плоскасці, — дык гэта. Крушынскі некалі паставіў наш помнік. І высылаў грошы бацькам «афанца» да канца іх жыцця!
— …У яго ёсць важныя дакументы, — цярпліва выслухаўшы сябра, працягваў Валік. — Значыць, ніхто такога заслужанага чалавека доўга трымаць у турме не будзе!..
Віка толькі гмыкнула:
— Ды ён у грош не ставіць гэтыя дакументы! Саромеецца іх. Нябось, і паказваць іх не стане. Ды і не такія яны важныя — ён сам неяк адзываўся пра іх з іроніяй.
— Тады, — рашуча сказаў Валік, — вось што мы зробім. Паедзем у міліцыю і заявім, што Крушынскага, калі раскапвалі магілу, у сяле не было. Што ён ездзіў у Гомель з пляменніцай.
Віка ўздыхнула і адвярнулася. Яна нервова ламала ў пальцах сухую галінку на роўныя, па сантыметры, кавалачкі.
— Нічога вы не ведаеце! — сказала яна. — Ніякая я яму не пляменніца. Я ўвогуле ніхто.
Бяздомная. Проста ён мяне ад смерці ўратаваў. А мне не было куды йсці. Зразумейце, што ён не можа ім нічога сказаць! Ён не можа пакарыстацца. гэтым.
— Алібі, — і тут уставіў Цім.
— Ну, так! Бо інакш я ўсплыву, на мяне выйдуць! І забяруць куды-небудзь, у які дзіцячы дом, альбо ў «размеркавальны прыёмнік» — ёсць такія. Я ведаю, ён нічога пра мяне скажа. І ўвогуле не будзе апраўдвацца! І яго зробяць вінаватым!
Тут, канечне, трэба была паўза, каб усе гэтыя навіны хлопцам пераварыць. Цім першы парушыў маўчанне.
— Віка, у нас проста няма варыянтаў… Калі Крушынскага не адпусцяць, табе давядзецца ва ўсім прызнацца. Ён жа цябе ўратаваў.
Валік аж на ногі ўскочыў:
— Ты думаеш галавою?! Ці чымсьці іншым?! — ні Ці м, ні Віка нават не чакалі ад яго такой эмацыйнасці. — Яна прызнаецца, яго вызваляць — а яе куды?! Ты ведаеш, што з дзіцячых дамоў дзяцей прадаюць за мяжу?! На «запчасткі», так гэта ў іх называецца!
Віка спалохана глядзела на яго. Мабыць, раней ёй гэта і ў галаву не прыходзіла. Цім таксама збянтэжыўся.
— Ну, загнуў… Тэлевізар менш глядзець трэба.
— Не вучы, што мне рабіць! Астыў, аднак, крыху Валік. Прысеў.
Так і сядзелі ўтрох, уздыхаючы, — бы не дзеці былі ў самай шчаслівай пары свайго жыцця, а два дзядкі з бабулькаю, што ўсяго набачыліся, што глынулі ліха за доўгі век і цяпер застаецца ім толькі сядзець ды ўспамінаць.
Але ж нават і старыя не суткамі расседжваюцца. Хлопцам трэба было па хатах. Віцы нічога не заставалася, як вяртацца ў пустую леснічоўку.
На развітанне вырашылі: пачакаць суткі. Сёння увечары Цім асцярожна пастараецца ўсё выведаць у бацькі: як трымаўся Крушынскі? Што яму можа «свяціць»? Калі праз суткі Крушынскага не адпусцяць — тады Віка павінна сысці адсюль. Дзесьці схавацца. Няважна, куды сысці і дзе схавацца. А хлопцы паедуць у горад і прызнаюцца ва ўсім. Хто такая Віка. Хто такі «Васіль». Што Крушынскі не мог раскапваць магілу.
Жорстка ў адносінах да Вікі? Але гэта адзінае разумнае выйсце! З якім і сама дзяўчынка згадзілася. Крушынскі не вінаваты, а невінаватыя ў турме сядзець не павінны. Трэба ратаваць яго, бо сам ён ратавацца не будзе, зберагаючы Віку. Што тут незразумела?
Памятаючы наказ Крушынскага, Віка ў той вечар не запальвала ні лямпу, ні ў грубцы. Рана легла спаць. Яшчэ і не цёмна было. Доўга трэслася пад халоднай коўдраю. Барс падышоў да самага тапчана і глядзеў на яе, павільваючы хвастом. Дзяўчынка адчула пяшчоту да яго, адзінай жывой істоты, што заставалася з ёю.
— Барс, мілы, — звярнулася яна да сабакі. — Памятаеш, ты знайшоў мяне? У лесе, пад снегам? А гаспадар твой не выгнаў, прытуліў. І дзе ён цяпер? У сырых сценах!
Ад гэтых уласных слоў так шкада ёй стала і Крушынскага, і сябе, што захацелася плакаць. Яна ўспомніла, як Крушынскі прывозіў ёй доктара. Як купляў ёй апельсіны, бананы, яблыкі. Тушыў для яе зайца і здабываў і смажыў курапатак. У Гомель яе звазіў. Адшукаў яе маці і заплаціў грошы, каб тую не выганялі з бальніцы. Нарэшце, бараду згаліў — яе, Віку, паслухаўшы! Дарослы чалавек, а паводзіны, як у дзіцяці малога! І чаму ён так носіцца з ёю? Хто яна яму?
— Барс, чаму ён так са мною носіцца? — паўтарыла Віка ўголас сабаку. — Ты часам не ведаеш? А вось я, здаецца, ведаю. Хаця і баюся гэтага! І ніколі нікому не скажу!
Барс стукаў хвастом па падлозе і аддана, акурат, як на Крушынскага, глядзеў на яе. І ёй здавалася, што ўсё-ўсё ён разумее.
Пакрысе яна сагрэлася, скурчыўшыся пад коўдраю ў камячок. Прыснілася ёй летняе рамонкавае поле, па якім яна бяжыць босая, не бяжыць, а ляціць нават, ледзь кранаючы нагамі кветкі — так, што яны нават не прыгінаюцца. І нагам яе надзіва цёпла!
Дзяўчынка не ведала, што гэта Барс тайком залез на тапчан і скруціўся клубком у яе нагах, грэючы іх.
Раздзел XXVIII
Барс у каторы раз выручае людзей. — Пальчатка. — Віка ўспамінае доктара. — Нумар на цыгарэтным пачку. — Трэба дзейнічаць!
Віка так прытрымлівалася наказаў Крушынскага, што ад залішняй стараннасці забыла зачыніць дзверы на ноч. Пад раніцу Барс піхнуў іх лапамі, выслізнуў на двор і пабег па сваіх сабачых справах.
Калі Віка прачнулася, сабака ляжаў у кутку за грубкаю і ціха гырчэў — як робяць сабакі, калі хтосьці хоча адабраць у іх ежу. Канечне, гырчэў ён нарочне. Але ж сапраўды грыз штосьці!
Віка падыйшла бліжэй. Барс ашчэрыў на яе маладыя белыя клыкі і наступіў на сваю знаходку лапаю.
— Што гэта за дрэнь? А ну, не еж абы-чаго…
Віка адшурхнула сабаку. Падняла тое, што ён грыз. Гэта была скураная пальчатка, брудная і мокрая ўсярэдзіне, да таго ж пацярпелая ад сабачых зубоў. Аднак дзяўчынка, перамагаючы непрыемнасць, надзела яе на руку. Штосьці вельмі і вельмі знаёмае! Яна прымярала яе ўжо аднойчы! Гэтая самая пальчатка была некалі на яе руцэ!
І Віка ўспомніла доктара з горада. Хіхіканне яго і паціранне рук. Агляд — цыпкі на скуры ад дакранання інструментаў. Крушынскі з доктарам выходзяць, яна прымярае пальчаткі, забытыя на стале.
Не было сумнення, што гэта адна з тых пальчатак. Але як яна тут апынулася?!
«Дзе ты яе знайшоў?» — ледзь не папытала ў Барса. Ды схамянулася: колькі можна гаварыць з ім? На ўсе пытанні ў яго адзін адказ — стуканне хвастом па падлозе.
Крушынскага арыштоўвалі так хутка, што ён не паспеў (ці знарок не захацеў, бо ў цёплым бушлаце ў камеры зручней) нават пераапрануцца. Скуранка яго вісела ў «шафе». Віка пачала шнырыць па кішэнях. Куртка пахла Крушынскім. Нічога! Усе чатыры кішэні пустыя. Толькі крышкі ад тытуню, ды ва ўнутранай, «патаемнай» кішэні — пусты, скамечаны пачак ад цыгарэт.
Пачакайце. Але Крушынскі не курыць такіх! Дзяўчынка расправіла пачак. Збоку былі напісаны чужым почыркам восем лічбаў і пад імі — слова «СТАСЬ».
Хлопцы прыйшлі роўна ў дзесяць, як і дамаўляліся. Абодва былі панурыя. Стараліся не глядзець на Віку. І дарма! Бо калі калі глянулі б, сёе-тое маглі б убачыць. Напрыклад, што ў вішнёвых вачах яе скачуць такія ж іскрынкі, як і ў Крушынскага, калі ён расказваў легенду пра Васіля.
— Крушынскі маўчыць, — сказаў Цім, уздыхнуўшы, і прысеў на табурэтку. — Яму «шыюць», бацька расказваў. Вось, тут запісана ў мяне, — Цім зачытаў з кавалачка паперы, — трыста сорак сёмы артыкул, частка першая — апаганьванне могілак.