Пан Лес - Сыс Анатоль (хорошие книги бесплатные полностью .TXT) 📗
Тут можно читать бесплатно Пан Лес - Сыс Анатоль (хорошие книги бесплатные полностью .TXT) 📗. Жанр: Поэзия. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте mybrary.info (MYBRARY) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Скарпіён
Вакол раю майго
запляліся ў вянок карані
гэта сад мой
прахожы
ты яблык з яго не крані
вакол суму майго
запляліся галіны ў вянок
а над садам
нябёсы
сузор’е ўзяло на замок
вакол лёсу майго
запляліся каса у касу
дзьве каханкі мае
я да сьмерці між іх не засну.
Не хадзіце за мной
Не хадзіце за мной! Не хадзіце!
Бо я маю рахункі з сабой.
Не кахайце мяне! Не любіце!
Бо каханьне для дурняў — сымболь.
Вы мяне цалавалі — плаціце!
За мінутную слабасьць маю,
Вар’яцейце над прорвай у жыце,
Вось лязо! Я вам шанец даю.
Не будзіце мяне! Не будзіце!
Не сачыце за мной, калі сплю.
Я у сьне — на вайне, як над прорвай у жыце,
Ці Хатынь, ці бацькоўскую хату палю.
Вы мяне спакушалі — плаціце!
Але ёй вырак — за шчасьце для Вас.
Не хачу быць сымболем! Ідзіце
У царкву, там ёсьць файны абраз.
I, хоць трэсьніце, ногі цалуйце
Хоць Марыі Сьвятой, хоць Хрысту,
Не хадзіце за мной! Не хадзіце!
Я ў жыцьці, як у шторме ладдзя.
Не судзіце мяне! Не судзіце!
Знаю, што і ў мяне ёсьць суддзя…
Але ж я заблуджуся ці згіну,
Ну й… зь ім! Згіне д’ябал са мной,
А вас, мілая, кіну ды рыну!
Вось такі я, Радзіма, гэрой.
Не ганіце мяне! Не ганіце…
*** Пад вакном журба зьбірае мяту…
Пад вакном журба зьбірае мяту,
А расьціла радасьць яе тут.
Калі Бог пашле паэта ў хату —
Пасадзіце на чырвоны кут.
З абраза сьвятою павуцінай
Павучок, як Дух, чало кране…
За паэтам я зайду ў хаціну —
Не пускайце да яго мяне.
*** — З чаго пачаць?
— З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы.
Так абавязаны пачаць.
— Але ў яе ты не адзіны,
Навошта пра любоў крычаць?
— Няхай, няхай я паўтаруся
Ў любові тысячу разоў,
Затое шчыра ў ёй клянуся,
Бяз фальшу, без падробных слоў.
— Што ж, пачынай. Сам выбраў долю…
Й нядоля знойдзецца сама.
Перад табою поле бою —
Тут не адзін паэт сканаў.