Хобіт, або вандроўка туды і назад - Толкин Джон Рональд Руэл (библиотека книг txt) 📗
— Таму што ён яе так называе. Такое ў яго слова для падобных рэчаў. Але гэты «Карок» у яго з вялікай літары, свой «Карок», уласны, таму што адзіны гэткі каля ягонага дому, і ён ведае гэты «Карок» надта добра.
— Хто называе? Хто ведае?
— Тая самая Асоба, пра якую я распавядаў, — вельмі заможная ды магутная Асоба. Табе лепш быць вельмі ветлівым, калі я вас прадстаўлю Асобе. I прадстаўлю я вас не разам, а па чарзе, прыкладам, па двое. Ты павінен паклапаціцца, каб чым-небудзь Асобу не раззлаваць — інакш будзе такое… Лепш і не ведаць, што будзе. Калі ён раззлаваны, лепш да яго не набліжацца, хаця ў добрым настроі ён ветлівы і смяшлівы. Папярэджваю — злуецца ён лёгка.
Гномы згуртаваліся вакол, слухаючы, што Гэндальф рас-павядае Більба.
— I што, да такой істоты вы нас зараз і праводзіце? — за-пыталі яны. — Што, немагчыма было знайсці некага з лепшым характарам? Можа, вы нам растлумачыце падрабязней? — і яшчэ шэраг падобных пытанняў.
— Так, і менавіта так! Было немагчыма! I растлумачыў я дастаткова дакладна, — адказаў чараўнік раздражнёна. — Калі вам патрэбна ведаць больш, дык імя яго Беарн. Ён надзвычай моцны й магутны, і здольны змяняць скуру.
— Што, як кушнер, які робіць з труса гарнастая, калі вавёрка не атрымаецца? — спытаў Більба.
— Бацюхны міласэрныя, не, не, НЕ! — ускрыкнуў Гэн-дальф. — Не будзьце дурнем, калі гэта ў вашай сіле, і дзеля ўсяго святога не ўзгадвайце зноў слова «кушнер», пакуль на сотню міль ад яго дома не адыдзеце. А таксама «скура», «футра», «муфта» і іншае глупства гэткага ж кшталту! Ён сапраўды мяняе сваю скуру. Часам ён вялізны чорны мядзведзь, а часам высокі моцны чарнавалосы чалавек з агромністымі рукамі і доўгай барадой. Не магу сказаць больш, але і не трэба. Некаторыя кажуць, што ён нашчадак старажытнага і моцнага роду горных мядзведзяў, якія жылі ў гарах да веліканаў. Іншыя сцвярджаюць, што ён чалавек і паходзіць ад першых людзей, якія жылі тут яшчэ да з'яўлення Драка ды астатніх цмокаў у гэтай частцы Сусвету, і да таго, як гобліны прыйшлі ў горы з Поўначы. Што праўдзівей, сказаць не магу. Хоць, здаецца, апошняе больш падобна да ісціны. А сам ён не такая постаць, якой варта зада-ваць дарэмныя пытанні.
— У любым выпадку, уся магія ў ім — ягоная ўласная. Жыве ён у дубовым лесе ў чалавечым абліччы, мае вялізны драўляны дом і трымае рознае быдла ды коней, якія не менш чароўныя за яго самога. Яны на яго працуюць і размаўляюць з ім. Ён не есць іх і на дзікіх звяроў не палюе, а жыве мёдам ды малаком. Трымае пчол, а пчолы ў яго незвычайныя і надта лютыя. У мядзведжым абліччы вандруе далёка ад дому. Аднойчы я бачыў, як ён сядзеў уначы самотны на вяршыні Карока, назіраў, як заходзіць месяц за Туманныя Горы, ды буркатаў пад нос на мядзведжай мове: «Надыдзе дзень, калі ўсе яны зпнуць, і я вярнуся назад!» Вось чаму мне здаецца, што ён паходзіць з гор.
Цяпер у Більба і гномаў было, пра што паразважаць, і больш пытанняў яны не задавалі. Ісці яшчэ заставалася доўга. Уверх, уніз па схілах, з лагчыны ў лагчыну. Зрабілася спякотна. Часам яны адпачывалі пад дрэвамі, а Більба адчуваў сябе такім галод-ным, што і жалуды б еў, калі б тыя былі дастаткова спелыя і ўжо ляжалі на зямлі.
Набліжаўся надвячорак, калі сталі трапляцца тут і там вялізныя пляцоўкі, зарослыя кветкамі. Самыя розныя й нечаканыя кветкі раслі побач, быццам нехта пасадзіў і даглядаў іх. Асабліва шмат было канюшыны, звычайнай ды мядовай, ды блакітнай, а там-сям сустракалася і салодкая белая, невысокая канюшына (ад яе аж струменіўся водар мёду). У паветры гучалі шматгалосы гуд, стракатанне ды цвірканне. Паўсюль, паўсюль круціліся пчолы. I якія пчолы! Більба ў жыцці такіх не бачыў. «Калі якая дасць джала, — падумаў ён, — дык удвая распухнеш!»
Пчолы былі болыныя за звычайных шэршняў, большыя за вялікі палец на руцэ, значна большыя, і жоўтыя палосы на іхных чорных целах ззялі як золата.
— Набліжаемся, — сказаў Гэндальф. — Цяпер мы на краі ягоных пчаліных прыдобаў.
Пасля таго яны прайшлі цераз паласу высокіх і вельмі старых дубоў і наткнуліся на высокую і густую жывую агароджу з церня, цераз якую і пералезці было немагчыма і бачна нічога не было.
— Лепш вам тут пачакаць, — сказаў чараўнік гномам. — Калі я паклічу альбо свісну, пойдзеце да мяне (вы ўбачыце, куды), але толькі парамі, добра памятайце: парамі, адны ад другіх праз пяць хвілінаў. Бамбур самы тоўсты, таму сыдзе за двох, няхай ідзе адзін і апошні. Пойдзем, спадар Торбінс! Недзе тут за рагом павінна знаходзіцца брама.
I з такімі словамі ён пайшоў уздоўж агароджы, узяўшы перапалоханага хобіта з сабой.
Хутка наблізіліся яны да драўлянай брамы, высокай і шы-рокай, і за ёй убачылі сад і купку нізкіх драўляных будынкаў, складзеных з неабчасаных бярвёнаў і пакрытых саломай: свіраны, клеці, хлявы і пуні. Побач з імі стаяла доўгая невысокая драўляная хата. А па ўнутраным баку агароджы шэраг за шэрагам стаялі вуллі са стрэхамі-стажкамі. Гуд велізарных пчол, якія мітусіліся туды-сюды, запоўніў паветра.
Хобіт і чараўнік, прыналёгшы, адчынілі цяжкую рыпучую браму і пайшлі па шырокай сцежцы да хаты. Некалькі надта добра дагледжаных ды зграбных конікаў з незвычайнымі разумнымі вачыма павольна пакрочылі да іх па траве — відавочна, зірнуць на гасцей. А зірнуўшы, хутка паскакалі да будынкаў.
— Хочуць распавесці яму пра незнаёмцаў, — патлумачыў Гэндальф.
Праз пэўны час хобіт з чараўніком падышлі да двара, з трох бакоў абгароджанага домам і двума ягонымі доўгімі крыламі. Пасярод двара ляжаў агромністы дуб і куча паадсяканых дубовых галінаў. Каля дуба стаяў велізарны чалавек з вельмі густой чорнай барадой і валасамі, таўшчэзнымі голымі нагамі ды рукамі і з мускуламі на іх, як нізка вузлоў. Ён быў апрануты ў кашулю з поўсці даўжынёю да кален і стаяў, абапёршыся на вялізную сякеру. Конікі стаялі побач, тыкаючыся пысамі яму ў плячо.
— Ну, вось і яны! — сказаў ён юнікам. — Небяспечнымі яны зусім не выглядаюць. Так што можаце пасвіцца сабе спакойна!
Ён уголас, гучна і густа зарагатаў, паклаў сякеру і крочыў наперад.
— Хто вы такія і чаго жадаеце? — спытаў ён сувора, стаўшы над хобітам і чараўніком ды гледзячы на іх зверху ўніз. Ён быў шмат, шмат вышэйшы за Гэндальфа, а што датычыць Більба, дык той здолеў бы прабегчы паміж ног у чалавека, не згінаючыся, і галавою да краю кашулі не дакрануўся б.
— Я — Гэндальф, — сказаў чараўнік.
— Ніколі не чуў пра такога, — прабурчэў чалавек.
— А гэта што за недарослік? — дадаў ён, сагнуўшыся, каб зірнуць на хобіта з-пад густых чорных броваў.
— Гэта спадар Торбінс, хобіт добрасумленны, беззаганнай рэпутацыі і шляхетнага паходжання, — сказаў Гэндальф.
Більба пакланіўся. I тут надта выразна адчулася, што і ка-пелюша ён не мае, і ў гузіках недахоп.
— А я чараўнік, — распавядаў Гэндальф далей. — I пра вас я начуты, хоць вы пра мяне не чулі. Але, магчыма, вы знаёмыя з маім добрым сваяком Радагастам, які жыве каля паўднёвага краю Ліхалесся?
— Чуў. Для чараўніка хлапец нядрэнны. Я яго звычайна бачу то тут, то там, — сказаў Беарн. — Ну, цяпер я ведаю, хто вы такія ці, па меншай меры, кім сябе назвалі. Чаго ж вы жадаеце?
— Па праўдзе кажучы, мы страцілі наш багаж і збіліся з дарогі, нам патрэбная добрая парада, а, магчыма, і дапамога. Я б сказаў, мы не вельмі прыемна прабавілі час з гоблінамі ў гарах.
— Гоблінамі? — сказаў вялізны чалавек менш сувора. — О, вы з імі бавілі час, скажыце на міласць? Напэўна, мелі ад іх непрыемнасці — а як жа і чаго ж вы наагул да іх трапілі?
— Мы не надта гэтага хацелі. Яны напалі на нас знянацку ўначы каля перавалу, які мы мерыліся перайсці. А кіраваліся сюды з Заходніх Краін — але ж гэта доўгая гісторыя.
— У такім выпадку, лепш праходзьце ў дом і распавядзіце мне хоць колькі, калі гэта не зойме цэлага дня, — сказаў чалавек, і яны пакрочылі ўслед за ім да цёмных дзвярэй, якія выходзілі з дома на двор.
Апынуліся яны ў шырокай залі з агменем пасярэдзіне. Хоць на двары было лета, палаў агонь, і дым узнімаўся да пачарнелых бэлек столі, шукаючы выхад уверсе. Яны прайшлі праз гэтую змрачнаватую залю, святло ў якую прабівалася толькі праз дзірку ў даху, і праз меншыя дзверы выйшлі на веранду (ці нешта накшталт), чый дах трымаўся на падпорах з цэльных ствалоў дрэваў. Веранда выходзіла на поўдзень, сонца стаяла яшчэ даволі высока, і косыя сонечныя промні напаўнялі яе святлом. Асветлены сонцам сад, запоўнены кветкамі, што пачыналіся адразу ад ганку, блішчэў цёплым золатам.