Mybrary.info
mybrary.info » Книги » Детективы и триллеры » Исторические детективы » Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (бесплатные полные книги txt) 📗

Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (бесплатные полные книги txt) 📗

Тут можно читать бесплатно Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (бесплатные полные книги txt) 📗. Жанр: Исторические детективы. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте mybrary.info (MYBRARY) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Перейти на страницу:
І яны пілі адзін аднаго,
І яны у згодзе жылі.
Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёй,
Пакуль разам у дол не сышлі.

Я быў глыбока, ад усяго сэрца расчулены. Такое пачуццё бывае толькі тады, калі чалавек глыбока верыць у тое, пра што спявае. І якая цудоўная старая песня!

А яна раптам уткнулася тварам у далоні і зарыдала. Дальбог, сэрца маё аблілося крывёю. Што зробіш, я наогул недаравальна жаласлівы.

Не памятаю, якімі словамі я яе суцяшаў.

Паважаны чытач, да гэтага самага месца я быў, так бы мовіць, суровым рэалістам у сваім апавяданні. Вы ведаеце, я не вялікі ахвотнік да раманаў у духу мадам Радкліф і першы не паверыў бы, каб хтосьці расказаў мне такое. Тон майго апавядання рэзка мяняецца.

Паверце мне, каб усё гэта было выдумкай — я б выдумаў гэта зусім іначай. У мяне ўсё ж добры густ, а такога ніводны з паважаючых сябе раманістаў не насмеліўся б прапанаваць сур'ёзным людзям.

Але я распавядаю шчырую праўду. Мне нельга хлусіць, а гэта для мяне занадта сваё, занадта важлівае. Таму буду распавядаць, як яно было.

Мы сядзелі некаторы час моўчкі; камін дагараў, і цемра пасялілася па кутах вялізнай залы, калі я глянуў на яе і спалохаўся: такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі.

— Чуеце?

Я прыслухаўся. У мяне тонкі слых, але толькі праз хвіліну я пачуў тое, што чула яна.

Недзе ў калідоры, злева ад нас, трашчаў пад нечымі крокамі паркет.

Хтосьці ішоў доўгімі бясконцымі пераходамі, і крокі то заціхалі, то з'яўляліся зноў.

— Чуеце? Топ-топ-топ…

— Надзея Раманаўна, што з вамі, што такое?!

— Пусціце мяне… Гэта Малы Чалавек… Гэта зноў ён… Па маю душу.

З усяго гэтага я зразумеў толькі тое, што ў гэтым доме чыняцца нейкія недарэчныя жарты, што тут нейкі вісус палохае жанчыну.

Не зважаючы на тое, што яна схапіла мяне за рукаў, імкнучыся затрымаць, я схапіў камінную качаргу і кінуўся па сходах да калідора. Гэта было справай хвіліны, і я расчыніў нагою дзверы. Вялізны калідор быў напаўцёмны, але я добра бачыў, што ў ім нікога не было. Так, нікога не было. Былі толькі крокі, якія гучалі па-ранейшаму трохі няўпэўнена, але гучна. Яны былі зусім блізка ад мяне, але патрохі аддаляліся ў другі канец калідора.

Што заставалася рабіць? Ваяваць з тым, каго не бачыш? Я ведаў, што гэта дарэмная справа, але я стукнуў качаргою проста ў тое месца, адкуль чуліся крокі. Качарга прарэзала пустое паветра і са звонам упала на падлогу.

Смешна? Мне было ў той час, як вы здагадваецеся, не да смеху. У адказ на мой дастахвальны і рыцарскі ўдар нешта жаласна і глуха застагнала, пасля пачуліся яшчэ два-тры крокі — і ўсё сціхла.

Толькі тут я ўспомніў, што гаспадыня засталася адна ў гэтай вялізнай цёмнай зале, і заспяшаўся да яе.

Я чакаў, што яна страціла прытомнасць, звар'яцела ад жаху памерла, але толькі не таго, што пабачыў. Яноўская стаяла ля каміна, і твар яе быў суровы, змрочны, амаль спакойны, толькі з тым самым незразумелым выразам у вачах.

— Дарэмна вы кінуліся туды, — сказала яна. — Вы, вядома, нікога не пабачылі. Я ведаю, бо бачу яго толькі я і часам яшчэ ахмістрыня. Берман бачыў яго.

— Каго «яго»?

— Малога Чалавека Балотных Ялін.

— А гэта што такое?

— Не ведаю. Але ён з'яўляецца, калі ў Балотных Ялінах хтосьці павінен памерці наглай смерцю. Ён можа хадзіць яшчэ год, але дачакаецца свайго.

— Магчыма, — няўдала пажартаваў я. — Будзе сабе хадзіць яшчэ год семдзесят, пакуль вас не пахаваюць праўнукі.

Яна рэзка адкінула галаву:

— Я ненавіджу тых, хто жэніцца. І не смейце жартаваць з гэтым. Гэта занадта сур'ёзна. Так загінула восем маіх продкаў, — гэта толькі тыя, пра каго запісалі, — і заўжды ў запісах упамінаюць Малога Чалавека.

— Надзея Раманаўна, не хвалюйцеся, але нашы продкі верылі, між іншым, і ў ведзьмакоў таксама. І заўжды знаходзіліся людзі, якія кляліся, што бачылі іх.

— А бацька? Мой бацька? Гэта не запісы, гэта чула, гэта бачыла я сама. Бацька быў атэіст, але ў Малога Чалавека і ён верыў да таго самага часу, пакуль яго не даканала дзікае паляванне. Я чула, разумееце?! Тут вы мяне не пераканаеце. Гэтыя крокі гучалі ў нашым палацы перад яго смерцю амаль кожны дзень.

Што мне было рабіць? Пераконваць яе, што гэта была слухавая галюцынацыя? Але я не галюцыніраваў, я выразна чуў крокі і стогн. Казаць, што гэта нейкі стары акустычны эфект? Не ведаю ці дапамагло б гэта, хоць палова чутак пра прывіды ў старых будынках грунтуецца менавіта на такіх фокусах. Напрыклад, вядомы прывід палаца Любамірскіх у Дуброўне выявіўся нарэшце сасудам з ртуццю і залатымі манетамі, які невядомы жартаўнік год за сто да адкрыцця таямніцы замураваў у комін якраз у тым месцы, дзе ён выходзіў на сонечны прыпёк. Варта было начному холаду начаць змяняцца на дзённую спякоту, як амаль ва ўсіх пакоях другога паверха пачыналіся дзікі лямант і шоргат.

Але хіба пераканаеш у гэтым дурненькае дзяўчо? Таму я з важным выглядам спытаў:

— А хто ён такі, які ён, гэты Малы Чалавек Балотных Ялін?

— Я яго бачыла тройчы і ўсё наводдаль. Аднойчы гэта было перад самай смерцю бацькі. Двойчы — нядаўна. А чула, можа, сотню разоў. І я не спалохалася, толькі апошні раз, можа… трошкі. Я пайшла да яго, але ён знік. Гэта сапраўды малы чалавек, можа, па грудзі мне, ён худы і нагадвае заморанага дзіцёнка. У яго сумныя вялікія вочы, надта доўгія рукі і ненатуральная выцягнутая галава. Апрануты ён, як дзвесце год таму, але на заходні манер. Вопратка зялёная. Ён звычайна зварочваў ад мяне за паваротку калідора і, пакуль я дабягала, знікаў, хоць гэты калідор зусім глухі. Там ёсць толькі пакой з даўно закінутым рызманом. Але ён забіты дзюймовымі цвікамі: мы назнарок пасля спрабавалі адчыніць — нельга.

Мне стала вельмі шкада яе. Няшчасная, напэўна, проста была на шляху да вар'яцтва.

— І гэта яшчэ не ўсё, — насмелілася яна. — Можа, трыста год не было ў гэтым палацы Блакітнай Жанчыны — бачыце, вось той, што на партрэце. Сямейныя паданні казалі, што яна задаволіла прагу помсты, але я не верыла. Гэта была не такая асоба. Калі яе ў 1501 годзе цягнулі на страту, яна крыкнула мужу: «Косці мае не супакояцца, пакуль не здохне апошняе змеяня гэтай пароды». І пасля амаль сто год ад яе не было паратунку: то чума, то невядома кім падкінутая ў кубак атрута, то смерць ад невядомага начнога жаху. Яна кінула помсціць толькі прапраўнукам… Але зараз я ведаю, што яна трымае слова. Не так даўно яе пабачыў Берман на забітым балконе, бачылі і другія. Не бачыла адна толькі я, але гэта яе звычай, спачатку паказвацца іншым, а таму, каму трэба, толькі ў часіну смерці… Мой род знікне на мне, я гэта ведаю. Нядоўга засталося чакаць. Яны будуць задаволены.

Я ўзяў яе руку і моцна сціснуў, жадаючы прывесці яе да прытомнасці, чымсьці адцягнуцть ад гэтых слоў, якія яна казала, быццам у сне.

— Вы не павінны непакоіцца. Калі на тое пайшло, я таксама зацікавіўся гэтым. Зданям не месца ў век пары. Я клянуся вам, што тыя два тыдні, што мне засталося тут быць, я прысвячу гэтаму. Ч-чорт, бязглуздзіца нейкая! Толькі не бойцеся.

Яна ўсміхнулася слабай ціхай усмешкай.

— Што вы… я прывыкла. Такое тут робіцца кожную ноч.

І той самы незразумелы для мяне выраз на твары, які так псаваў яе аблічча. Толькі тут я зразумеў яго. Гэта быў жах, застарэлы цёмны жах. Не той жах, які прымушае на хвіліну ўстаць дыбарам валасы, а жах, які настойваецца гадамі, які становіцца нарэшце звыклым станам для арганізма, ад якога не пазбаўляюцца нават у сне. Нябога была б, можа, і нядрэнная сабою, каб не гэты ўстойлівы цёмны жах.

А яна, нягледзячы на тое,што я быў блізка, аж насоўвалася бліжэй да мяне, толькі каб не бачыць спіною чакаючай цемры.

— Ах, пан Беларэцкі, гэта жахліва. Чым я вінаватая, што павінна адказваць за грахі дзядоў? А на гэтыя слабыя плечы лёг увесь цяжар без астачы. Ён ліпкі і цёмны. Каб вы ведалі, колькі крыві, забойстваў, сірочых слёз, звычайнага бруду на кожным шляхецкім гербе! Колькі забітых, зашмаганых да смерці, пакрыўджаных! Мы не маем права на існаванне, нават самыя сумленныя, самыя лепшыя. У нашых жылах не блакітная, а брудная кроў. Няўжо вы думаеце, што ўсе мы, да дваццатага калена, не павінны адказваць за гэта, адказваць жахам, галечай, смерцю? Мы былі такія абыякавыя да народа, які пакутаваў з намі поруч і ад нас, мы лічылі яго быдлам, мы лілі віно, а яны лілі кроў. Яны не бачылі нічога, акрамя дрэннага хлеба. Пан Дубатоўк, мой сусед, аднойчы прыехаў да бацькі і распавёў анекдот пра тое, як маці-сялянка прывяла сына да пана і той пачаставаў іх калдунамі з мясам. Дзіцёнак спытаў, што гэта такое. Маці, па вясковай далікатнасці, штурхнула яго нагою і шапнула: «Маўчы!» Дзіцёнак з'еў тое, што было на талерцы, пасля ўздыхнуў і ціха сказаў: «А я дзесяць маўчоў з'еў». Усе, хто слухаў анекдот, смяяліся, а я здатная была даць Дубатоўку ляпасу. Гэта не смешна, калі дзеці ніколі ў вочы не бачылі калдуноў, ніколі-ніколі не елі мяса. У іх рэдкія валасы, крывыя ногі, у чатырнаццаць год гэта зусім дзеці, а ў дваццаць пяць — дзяды са зморшчанымі старэчымі тварамі. Як іх ні гадуй — яны народзяць такіх самых дзяцей, калі наогул народзяць. Яны адказвалі нам паўстаннямі, лютавалі ў гэтых паўстаннях, бо да гэтага цярпелі цэлае стагоддзе нечуваную крыўду. І мы пасля страчвалі іх. Вось гэты, на сцяне, у бабровым футры, закатаваў нават свайго стрыечнага брата, які стаў на бок вашчылаўцаў. Прозвішча брата было Агей Грынкевіч-Яноўскі.

Перейти на страницу:

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч читать все книги автора по порядку

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mybrary.info.


Дзікае паляванне караля Стаха отзывы

Отзывы читателей о книге Дзікае паляванне караля Стаха, автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Уважаемые читатели и просто посетители нашей библиотеки! Просим Вас придерживаться определенных правил при комментировании литературных произведений.

  • 1. Просьба отказаться от дискриминационных высказываний. Мы защищаем право наших читателей свободно выражать свою точку зрения. Вместе с тем мы не терпим агрессии. На сайте запрещено оставлять комментарий, который содержит унизительные высказывания или призывы к насилию по отношению к отдельным лицам или группам людей на основании их расы, этнического происхождения, вероисповедания, недееспособности, пола, возраста, статуса ветерана, касты или сексуальной ориентации.
  • 2. Просьба отказаться от оскорблений, угроз и запугиваний.
  • 3. Просьба отказаться от нецензурной лексики.
  • 4. Просьба вести себя максимально корректно как по отношению к авторам, так и по отношению к другим читателям и их комментариям.

Надеемся на Ваше понимание и благоразумие. С уважением, администратор mybrary.info.


Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*