Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (бесплатные полные книги txt) 📗
Я глянуў на тую, што мелася стаць маёй жонкай. Вочы яе былі шырока і шчасліва раскрытыя, яна прыціскалася да мяне і часам перарывіста ўздыхала, як дзіця пасля слёз.
Мне вельмі хацелася, каб ёй было яшчэ лепш. І я часам нахіляўся і цалаваў яе тонкую руку.
Непакоіла мяне ў той час, ды і пазней, толькі яе хвароба. Таму я наняў на ўскраіне горада маленькую хатку з садам. Урачы сказалі, што гэта пройдзе ад спакойнага жыцця.
І сапраўды, гэта прайшло, калі яна пражыла са мною два месяцы і сказала, што ў нас будзе дзіця.
Мы акружылі адзін аднаго такім морам пяшчоты і ўвагі, такой любоўю, што я нават праз дваццаць год здзіўляўся гэтаму, як сну. Нам было добра паўсюль, нават у Сібіры, куды я трапіў у 1902 годзе. Яна была больш чым проста жонкай, яна была другам да смерці.
Мы жылі доўга і шчасліва, як у песні:
Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёю…
Але яшчэ і зараз я часам бачу ў сне сівыя верасовыя пусткі, чэзлую траву на паверхні прорваў і дзікае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглі, моўчкі сядзяць у сёдлах прамыя постаці коннікаў.
Вецер развейвае іх валасы, плашчы, грывы коней, і самотная гострая зорка гарыць над іхнімі галовамі.
У жахлівым маўчанні шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха.
Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сімвал усяго гэтага.
Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне.