Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке) - Автор неизвестен
Больш за ўсё хлопчыку падабалiся кнiгi па прыродазнаўству i казкi. Ён чытаў iх усе запар, адну за адной, нiбыта складаючы сэндвiч (i нам яго метода падаецца даволi-такi слушнай).
Iх сям'я жыла ў ладзе ды згодзе, але аднойчы здарылася вось што...
Адным вечарам пастух, якi апошнiм часам быў чамусьцi нейкi знерваваны i заклапочаны, увайшоў у хату ўвесь спалатнелы, рукi ў яго дрыжалi ад жаху.
Жонка i сын сядзелi за сталом: жонка нешта цыравала, а сын з захапленнем чытаў пра прыгоды Волата, у якога не было сэрца.
Пастух узрушана прамовiў:
- Усё, Марыя, хопiць з мяне. Я болей не магу хадзiць у горы, i нiхто мяне не прымусiць гэта рабiць.
- Ну што ты, супакойся, - сказала жонка (а гэта была вельмi разумная й разважлiвая жанчына), - сядай хутчэй да стала ды павячэрай. А потым пра ўсё нам раскажаш, i мы разам вырашым, што рабiць.
- Гэта пачалося некалькi дзён назад, - пачаў свой расказ пастух. - Ведаеце тую пячору на левым схiле? Я чамусьцi заўсёды яе недалюблiваў. Дый авечкам яна нiколi не падабалася, а вы самi ведаеце, што калi ўжо авечкi што-небудзь не ўпадабаюць - нiчога добрага чакаць не даводзiцца. Дык вось, апошнiм часам з тае пячоры чулiся нейкiя цяжкiя ўздыхi, сапенне i дзiўны храп. Так, так, сапраўдны храп, якi iшоў аднекуль здалёк i знiзу. Вядома, я часам i сам магу задаць храпака, але ж гэта было зусiм не тое, разумееце?
- Я разумею, - цiха прамовiў хлопчык.
- Безумоўна, я быў напалоханы, але мне не надта хацелася адтуль сыходзiць. Вельмi ўжо добрая там расце трава! I вось сёння, якраз перад тым як вяртацца дадому, я падышоў трошкi блiжэй. I там, побач з пячорай... О, Божа! Я ўбачыў яго гэтак жа ясна, як бачу цяпер вас!
- Убачыў каго? - запыталася жонка. Яна й сама пачала ўжо нервавацца.
- Дык я ж кажу: яго! - адказаў пастух. - Ён напалову высунуўся з пячоры i дыхаў свежым начным паветрам. У яго быў такi рамантычны выгляд... А велiчынёй ён з нашую хату i ўвесь пакрыты буйною блiскучай луской, цёмна-блакiтнай на спiне i бледна-зялёнаю на жываце. А калi ён выдыхае паветра, дык з носа ў яго вылятаюць iскрынкi. Ён паклаў галаву на пярэднiя лапы i цiха мармытаў, нiбыта пра нешта сам з сабою разважаючы. Нiчога дрэннага, праўда, сказаць пра яго не магу - паводзiў ён сябе вельмi прыстойна. I выгляд у яго мiралюбiвы. Гэта я мушу прызнаць. Але ж калi паглядзець з iншага боку?! Уся гэтая луска, пазуры! Ды яшчэ й хвост, напэўна! Хоць ззаду я, праўда, яго не бачыў. Але, далiбог, мне дагэтуль яшчэ цяжка ўявiць, што мне гэта не прыснiлася. Не, я нiколi да гэтага не прызвычаюся i нiколi ўжо не прымушу сябе зноў хадзiць у горы.
Хлопчык, якi, здавалася, увесь гэты час засяроджана чытаў i не надта прыслухоўваўся да размовы, згарнуў тоўстую кнiгу, пазяхнуў i, пачухаўшы патылiцу, сонным голасам прамовiў:
- Тата! Ну чаго ты так узнерваваўся?! Супакойся. Гэта ж усяго толькi цмок.
- Усяго толькi цмок?! - раз'юшыўся бацька. - Начытаўся рознай дрэнi! Я табе пакажу "цмок"! Што ты ўвогуле разумееш у цмоках?!
- Але, гэта ўсяго толькi цмок, - паўтарыў хлопчык. - Паслухай, тата, мы ж з табой знаемся ў розных рэчах: ты ўсё ведаеш пра надвор'е, пра баранчыкаў ды пра горы. Ну, а я - я сёе-тое ведаю пра цмокаў. Прыгадай, я заўсёды казаў, што тая пячора - цмокава. Я быў упэўнены, што некалi яна належала цмоку, дык чаму б ёй не належаць цмоку цяпер? Пагадзiся, тата, нiчога дзiўнага няма, што ў цмокавай пячоры нарэшце з'явiўся цмок. Я болей здзiвiўся б, каб цмока там не было. А цяпер супакойся, пакiнь гэтую справу мне i не турбуйся болей.
Я паспрабую схадзiць да пячоры заўтра зранку цi схаджу ўвечары, бо зранку, вiдаць, буду заняты. Спакойна пагутару з цмокам, i ты ўпэўнiшся, што ўсё добра i няма чаго хвалявацца.
Але ты павiнен паабяцаць, што не пойдзеш да пячоры адзiн. Бо ты зусiм не разумееш цмокаў i выпадкова можаш яго пакрыўдзiць. А цмокi вельмi ўразлiвыя i чуллiвыя iстоты.
- Наш сын мае рацыю, - разважным голасам сказала мацi. - Ён шмат чытае i сапраўды ўсё ведае пра цмокаў i розных iншых жывёл, якiя сустракаюцца ў кнiгах. Дый, шчыра кажучы, мне самой шкада бедную iстоту: ляжыць там, высока ў гарах, зусiм адзiн, без гарачай вячэры, дый нават словам перамовiцца няма з кiм. Можа, мы маглi б што-небудзь зрабiць для яго. Ну, а калi раптам гэты цмок не зусiм прыстойны, дык наш сын адразу гэта высветлiць. Ты ж ведаеш, бацька, што сын у нас вельмi ветлiвы, i звычайна ўсе любяць пагутарыць з iм.
Наступным вечарам, папiўшы гарбаты, хлопчык выправiўся ў горы. Ён iшоў па ледзь прыкметнай сцяжынцы, якую ведалi толькi яны з бацькам.
Побач з пячорай, на мяккай зялёнай траве, лянiва выцягнуўшыся ва ўсю сваю немалую даўжыню, ляжаў цмок.
Перад ягонымi вачыма распасцiраўся цудоўны краявiд: улева i ўправа хвалямi дыбiлiся голыя горныя вяршынi, унiзе, у далiне, можна было разгледзець белыя нiткi дарог, якiя цягнулiся праз сады i прыгожыя палi, а на даляглядзе вiднелiся шэрыя абрысы старых гарадоў. Вецер нёс прахалоду i гуляў з маладой траўкай. У аксамiтных цёмна-блакiтных нябёсах ужо выглянуў срэбны рог маладзiка.
Не дзiва, што цмок быў у паэтычным настроi. Выглядаў ён вельмi задаволеным, а калi хлопчык падышоў блiжэй, дык са здзiўленнем пачуў, што цмок цiхенька нешта вуркоча.
"Ну, сапраўды, што жывем, то вучымся, - падумаў хлопчык. - Нiводная кнiга не кажа, што цмокi вуркочуць".
- Прывiтанне, цмок, - цiха сказаў хлопчык, падыходзячы зусiм блiзка.
Пачуўшы яго хаду, цмок зрабiў быў ветлiвую спробу падняцца, але, убачыўшы, што яго турбуе ўсяго толькi хлопчык, сурова насупiў бровы.
- Толькi паспрабуй мяне ўдарыць, - закрычаў цмок, - цi кiнуць каменем, цi аблiць вадой, цi яшчэ што-небудзь! Не смей гэтага рабiць, а то я...
- Ды не збiраюся я цябе чапаць, не бойся, - стомлена сказаў хлопчык i апусцiўся на траву побач з жывёлай. - I, калi ласка, не кажы мне "не смей" - я ўвесь час толькi "не смей" i чую. А гэта так надакучвае, разумееш? Я проста зайшоў, каб даведацца, як твае справы. Можа, табе трэба што, ну й гэтак далей. Але калi я перашкаджаю, дык магу хуценька прыбрацца адсюль. У мяне шмат сяброў, i нiводзiн не скажа, што я маю звычку каму-небудзь навязвацца.
- Ну, прабач, не крыўдуй на мяне, - хуценька перапрасiў цмок. - Мне будзе прыемна пагутарыць з табою. Калi ласка, не спяшайся сыходзiць. Я, ведаеш, удзень увесь час заняты, нiводнай вольнай хвiлiнкi няма, даражэнькi ты мой, нiводнай вольнай хвiлiнкi! Але ўвечары... Дый, памiж намi кажучы, увогуле бывае крыху сумнавата.