Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм (читать книги онлайн регистрации TXT) 📗
Падышоў сярэднi брат да гэтых людзей i так хутка i бясшумна пачаў касiць, што яны аж раты паразяўлялi ад здзiўлення. Пачалi жыхары вострава прасiць, каб ён прадаў iм касу.
- Дайце мне гэтулькi золата, колькi можа павезцi конь, - сказаў сярэднi брат.
Атрымаўшы тое, што прасiў, ён, задаволены, вярнуўся дамоў.
Нарэшце адправiўся i трэцi брат са сваёй кошкай шчасце шукаць.
Спачатку ў яго ўсё iшло так, як i ў першых двух братоў. Куды б ён нi прыйшоў, усюды было мноства кошак. Але вось i яму пашчасцiла: ён прыплыў да такога вострава, дзе не было нi адной кошкi. Затое мышэй на гэтым востраве развялося безлiч! Яны бегалi па сталах i лаўках i зусiм не баялiся людзей.
Усе жыхары вострава вельмi пакутвалi ад iх, i нават сам кароль у сваiм палацы не мог уратавацца ад мышэй: мышы пiшчалi па ўсiх кутках i згрызалi ўсе, што iм толькi траплялася.
Вось выпусцiў малодшы брат сваю кошку, i яна тут жа кiнулася лавiць мышэй.
Хуценька знiшчыла яна ўсiх мышэй у двух вялiкiх залах палаца.
Кароль захацеў купiць кошку i даў за яе гэтулькi золата, колькi мог павезцi вярблюд. Так што трэцi брат прывёз дамоў грошай больш за ўсiх.
А кошка ў каралеўскiм палацы гэтулькi мышэй пералавiла, што i не злiчыць. Яна вельмi стамiлася, у яе нават у горле перасохла, i захацелася пiць. Падняла яна ўверх мордачку i замяўкала: "Мяў, мяў!"
Пачулi кароль i яго прыдворныя гэты дзiўны крык, напалохалiся i ўцяклi з палаца.
Сабраў кароль сваiх дарадчыкаў, i пачалi яны думаць, як бы iм ад кошкi пазбавiцца.
Нарэшце прыйшлi да згоды:
- Ужо лепш мы будзем пакутваць ад мышэй, чым жыць з такой пачварай i рызыкаваць сваiм жыццём. А да мышэй мы ўжо прывыклi.
I кароль паслаў да кошкi слугу з загадам пакiнуць палац.
- Калi яна адмовiцца пайсцi, папярэдзь яе, што ёй будзе дрэнна! - сказаў ён слугу.
А кошка за гэты час, пакуль iшла нарада, яшчэ больш пiць захацела.
I калi слуга спытаў у яе, цi згодна яна пайсцi па-добраму, яна ў адказ зноў прамяўкала: "Мяў, мяў!"
Слугу здалося, што яна гаворыць: "Не, не!" Ён так i перадаў каралю.
- Ну што ж, - сказаў кароль, - не хоча па-добраму iсцi, давядзецца сiлай выганяць!
Ён загадаў выкацiць у двор гарматы i страляць па палацы.
Палац загарэўся.
Калi агонь дабраўся да таго пакоя, дзе была кошка, яна вельмi спакойна выскачыла з акна i пабегла.
А па палацу ўсё палiлi з гармат - да таго часу, пакуль ад яго засталася толькi куча ламачча.
РАПУНЦЭЛЬ*
* Рапунцэль - ад лац. - свiрэпiца, з насення якой здабываюць алей.
Аднойчы жылi на свеце муж i жонка; iм даўно ўжо хацелася мець дзiця, але яго ўсё не было; i вось, нарэшце, з'явiлася ў жонкi надзея, што лiтасцiвы гасподзь здзейснiць яе жаданне.
А было ў iхнiм пакойчыку маленькае акенца, адкуль быў бачны дзiвосны сад, дзе расло шмат цудоўных кветак i ўсялякай зелянiны. Але сад быў абнесены высокай агароджай, i нiхто не асмельваўся ў яго заходзiць, таму што сад гэты належыў адной вядзьмарцы; яна валодала вялiкай магутнасцю, i ўсе на свеце яе баялiся.
Стаяла неяк жонка ля акенца, зазiрнула ў сад i пабачыла градку, а рос на ёй цудоўны рапунцэль; i быў ён на выгляд такi свежы i такi зялёны, што ёй страх як схацелася пакаштаваць таго рапунцэлю. Гэтае жаданне ў яе з кожным днём усё больш павялiчвалася, але паколькi яна ведала, што яго дастаць ёй нiяк немагчыма, дык яна ўся схуднела, збялела i выглядала няшчаснай. Спалохаўся муж i пытаецца:
- Чаго табе, мая жоначка, не хапае?
- Ах, - гаворыць яна, - калi не здабыць мне з таго саду, што за нашым домам, зялёнага рапунцэлю i не пакаштаваць яго, дык застанецца мне адно памерцi.
Муж вельмi яе кахаў i падумаў: "Калi ўжо маёй жонцы ад гэтага памiраць даводзiцца, дык я дастану для яе рапунцэлю, чаго б гэта мне нi каштавала".
I вось пералез ён прыцемкам цераз каменную агароджу ў сад вядзьмаркi, нарваў спехам цэлыя прыгаршчы зялёнага рапунцэлю i прынёс яго жонцы.
Яна адразу ж прыгатавала сабе з яго салаты i з прагнасцю яе з'ела. I салата гэтая ёй так спадабалася, здалася ёй такой смачнай, што на другi дзень з'явiлася ў яе жаданне ўтрая большае, чым раней. I яна не магла супакоiцца, пакуль муж не пагадзiўся палезцi ў сад яшчэ раз.
Ён прабраўся туды прыцемкам, пералез цераз каменную агароджу, але моцна перапалохаўся, пабачыўшы перад сабою вядзьмарку.
- Як ты смееш лазiць у мой сад, - сказала яна, з гневам на яго паглядзеўшы, - i красцi ў мяне, як злодзей, мой зялёны рапунцэль? Табе дрэнна будзе за гэта.
- Ах, - адказаў ён, - вы ўжо мяне даруйце, я ж адважыўся на гэта па неабходнасцi: мая жонка пабачыла з акенца ваш зялёны рапунцэль i адчула такое жаданне пакаштаваць яго, што, мабыць, памерла б, каб яго не пакаштавала.
Гнеў у вядзьмаркi трошкi прайшоў, i яна сказала яму:
- Калi гэта праўда, што ты гаворыш, дык я дазволю табе набраць рапунцэлю столькi, колькi ты пажадаеш, але пры адной умове: ты павiнен будзеш аддаць мне дзiця, якое народзiцца ў тваёй жонкi. Яму будзе ў мяне добра, я буду пра яго клапацiцца, як родная мацi.
I ён ад страху пагадзiўся на ўсё. Калi жонцы прыйшоў час нараджаць i яна нарадзiла дачку, зараз жа з'явiлася вядзьмарка, назвала дзiця Рапунцэль i забрала яго з сабою.
Стала Рапунцэль самай прыгожай дзяўчынкай на свеце. Калi ёй споўнiлася дванаццаць гадоў, вядзьмарка заперла яе ў вежу, што знаходзiлася ў лесе; у той вежы не было нi дзвярэй, нi лесвiцы, толькi на самым яе версе было маленькае акенца. Калi вядзьмарцы хацелася забрацца на вежу, яна станавiлася ўнiзе i крычала:
- Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,
Спусцi свае косачкi данiзу.
А былi ў Рапунцэль даўгiя цудоўныя валасы, тонкiя, быццам з залатой пражы. Пачуе яна голас вядзьмаркi, распусцiць свае косы, падвяжа iх уверх да аконнага кручка, i ўпадуць валасы на цэлых дваццаць аршынаў унiз, - i ўзбiраецца тады вядзьмарка, ухапiўшыся за iх, наверх.
Прайшло некалькi гадоў, i здарылася каралеўскаму сыну праязджаць на канi праз лес, дзе стаяла вежа. Раптам ён пачуў спеў, i быў ён такiм прыемным, што каралеўскi сын спынiўся i стаў прыслухоўвацца. Гэта спявала Рапунцэль сваiм дзiвосным голасам песню, бавячы ў адзiноце час. Схацелася каралевiчу ўзабрацца наверх, i ён стаў шукаць уваход у вежу, але знайсцi яго было немагчыма. Ён паехаў дамоў, але спеў так запаў яму ў душу, што ён кожны дзень выязджаў у лес i слухаў яго.