Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм (читать книги онлайн регистрации TXT) 📗
Дабег заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць:
- Я ўжо тут!
Яшчэ больш здзiвiўся заяц.
- Бяжым яшчэ раз, - кажа ён вожыку.
- Добра, - адказвае вожык. - Калi хочаш, пабеглi яшчэ раз.
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды i назад. А вожык усё абганяў яго.
Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць: "Я ўжо тут!"
Пабяжыць заяц назад да канца баразны, а вожычыха яму крычыць: "Я ўжо тут!"
На семдзесят чацвёрты раз дабег заяц да сярэдзiны поля i звалiўся на зямлю.
- Стамiўся, - кажа, - не магу больш бегаць.
- Вось бачыш цяпер, - кажа вожык, - у каго ногi хутчэйшыя?
Нiчога не сказаў заяц i пайшоў з поля. А вожык з вожычыхай паклiкалi сваiх дзяцей i пайшлi з iмi гуляць.
ХЛОПЧЫК ЯК ПАЛЬЧЫК
Жыў калiсьцi на свеце бедны селянiн. Сядзеў ён аднойчы вечарам ля печы i прысак варушыў, а жонка сядзела i прала. Вось ён i кажа жонцы:
- Так прыкра, што няма ў нас дзяцей. Вельмi ж у нас цiха, а вось у iншых хатах, ты толькi зiрнi, як шумна ды весела.
- Гэта праўда, - адказала жонка i ўздыхнула, - каб было ў нас хоць адно, хай сабе такое маленькае, як мезены пальчык, дык i то я была б шчаслiвая. А як мы любiлi б яго!
I здарылася так, што жонка стала цяжарнай i праз сем месяцаў нарадзiла немаўлятка, i было яно здаровае ды статнае, але росту мела не болей за палец.
I сказалi яны:
- Вось так яно i сталася, як мы хацелi: сыночка нашага мы будзем любiць, i iмя яму далi за яго рост Хлопчык як пальчык.
Яны добра яго кармiлi, але хлопчык усё не рос ды не рос i заставаўся такiм, якiм i нарадзiўся; аднак вочы ў яго былi разумныя, быў ён кемлiвы i руплiвы, i ўсё, за што ён нi браўся, яму ўдавалася.
Сабраўся аднойчы селянiн у лес дровы секчы i сказаў сам сабе: "Вось было б добра, каб нехта прыехаў па дровы з возам".
- Татка, - кажа Хлопчык як пальчык, - я прывязу воз, ты ўжо не сумнявайся, буду ў лесе своечасова.
- Але як жа ты з гэтым справiшся, ты ж такi маленькi, каб канём кiраваць?
- Гэта, татка, не бяда! Калi мацi запражэ, дык я залезу каню ў вуха i буду яму крычаць, куды трэба ехаць.
- Добра, - адказаў бацька, - адзiн раз, бадай што, паспрабуем.
Калi прыйшла пара, запрэгла мацi каня i пасадзiла Хлопчыка як пальчык каню ў вуха, i стаў хлапчына пакрыкваць: "Но! но! Лявей, правей!"
Усё iшло як мае быць, як у вопытнага фурмана, i воз кацiўся проста ў лес. Ды здарылася так, што на паваротцы, калi Хлопчык як пальчык крыкнуў: "Налева, налева!", насустрач з'явiлiся двое незнаёмых.
- Глянь, - кажа адзiн з iх, - што гэта такое? Едзе сабе воз, фурман на каня пакрыквае, а самога не вiдаць.
- Тут штосьцi не тое, - зазначыў другi, - давай пойдзем следам за возам i пацiкуем, дзе ён спынiцца.
А воз ехаў сабе ўсё далей i далей у лес i прамым кiрункам туды, дзе секлi дровы. Убачыў Хлопчык як пальчык бацьку i кажа яму:
- Вось, татка, я i прыехаў з возам. А цяпер ты знiмi мяне i апусцi на зямлю.
Бацька левай рукой узяў каня за аброць, а правай дастаў з конскага вуха свайго сыночка, той весела ўсеўся на былiнцы.
Убачылi незнаёмцы Хлопчыка як пальчык i не ведалi, што iм i казаць ад здзiўлення. Пасля адзiн з iх i кажа:
- Паслухай, гэты недаростак мог бы прынесцi нам шчасце, мы паказвалi б яго ў вялiкiм горадзе за грошы, - давай купiм яго.
Падышлi яны да селянiна i гавораць:
- Прадай нам свайго маленькага чалавечка, яму будзе ў нас добра.
- Не, - адказвае селянiн, - гэта мой любы сынок, i я яго нават за золата не прадам.
Але Хлопчык як пальчык пачуў, што яго купляюць, залез па складках вопраткi да бацькi на плечы i пачаў шаптаць яму ў вуха:
- Татка, прадавай мяне, а назад да цябе я сам вярнуся.
I вось прадаў яго бацька за вялiкiя грошы двум незнаёмцам.
- А куды ж цябе пасадзiць? - пытаюцца яны ў хлопчыка.
- Ды пасадзiце мяне на палi вашага капелюша, там мне можна будзе шпацыраваць i ваколiцы аглядаць, я адтуль не звалюся. Незнаёмцы згадзiлiся з iм. Хлопчык як пальчык развiтаўся з бацькам, i яны рушылi ў шлях-дарогу.
Iшлi яны, iшлi, а ўжо i вечарэць пачынае, тады хлопчык i кажа:
- Апусцiце мяне на дол, бо маю патрэбу.
- Ат, заставайся там наверсе, - прамовiў чалавек, на галаве ў якога ён сядзеў, - нiчога страшнага, ад птушак таксама iншы раз перападае.
- Не, - адказаў Хлопчык як пальчык, - я ведаю, як трэба сябе паводзiць, хутчэй апусцiце мяне ўнiз.
Зняў чалавек капялюш i пасадзiў хлопчыка на прыдарожнае поле. Хлопчык як пальчык скокнуў убок i пачаў прабiрацца памiж грудамi зямлi, а калi прыкмецiў мышыную норку, узяў i схаваўся туды.
- Бывайце, спадары, бывайце, iдзiце сабе дамоў без мяне, - гукнуў ён iм з норкi.
Падбеглi тыя да мышынай норкi, давай торкаць у яе палкамi, але дарэмна, Хлопчык як пальчык запаўзаў усё глыбей i глыбей, а незнаёмцаў ужо i ноч агарнула, i давялося iм вярнуцца дамоў са злосцю ды з пустой торбай.
Калi Хлопчык як пальчык зразумеў, што яны пайшлi, ён вылез з падземнага хода. "Упоцемку iсцi па полi, бадай што, будзе небяспечна, - сказаў ён, - яшчэ шыю сабе скруцiш". На шчасце, натрапiлася яму па дарозе пустая ракавiна слiмака. "Дзякуй Богу, - сказаў ён, - цяпер я магу правесцi ноч спакойна", - i залез у ракавiну.
Толькi пачаў ён засынаць, як раптам чуе - iдуць мiма два чалавекi, i адзiн з iх гаворыць:
- Як гэта нам украсцi ў багатага пастара грошы i серабро?
- Я табе сказаў бы, як гэта зрабiць! - гукнуў Хлопчык як пальчык.
- Што гэта? - пытаецца напалоханы злодзей. - Я чую, нехта гаворыць.
Прыпынiлiся яны i пачалi ўслухоўвацца. Тады Хлопчык як пальчык зноўку прамовiў:
- Вазьмiце мяне з сабою, я вам памагу.
- А дзе ж ты?
- А вы пашукайце мяне на зямлi i слухайце, адкуль голас чуецца, - адказаў ён.
Нарэшце зладзеi знайшлi яго i паднялi ўгару.
- Ну i малеча, як ты можаш нам памагчы? - здзiвiлiся яны.
- А вось як, - адказаў ён: - я залезу праз краты ў камору пастара i дастану вам тое, што патрэбна.
- I то праўда, - сказалi зладзеi, - паглядзiм, як ты з гэтым справiшся.
Прыйшлi яны да хаты пастара, i залез Хлопчык як пальчык у камору ды як закрычыць адтуль:
- Вы хочаце забраць ўсё, што тут ёсць?
Спалохалiся зладзеi i кажуць:
- Цiшэй гавары, а то яшчэ хто-небудзь прачнецца.
Але Хлопчык як пальчык нiбыта не зразумеў iх ды як закрычыць зноў:
- Вы хочаце забраць усё, што тут ёсць?