Чацвёра падазроных (на белорусском языке) - Кристи Агата (бесплатные онлайн книги читаем полные txt) 📗
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Чацвёра падазроных (на белорусском языке) - Кристи Агата (бесплатные онлайн книги читаем полные txt) 📗 краткое содержание
Чацвёра падазроных (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Агата Крысцi
Чацвёра падазроных
Апавяданне
Пераклад: Валерый Чудаў, Кацярына Дзмiтрыенка
Размова вялася пра нявыкрытыя i непакараныя злачынствы. Кожны па чарзе выказваў сваю думку: палкоўнiк Бантры, яго таўсманая сiмпатычная жонка, Джэйн Халiер, актрыса, доктар Лойд i нават старая мiс Марпл. Быў яшчэ адзiн чалавек, якi сядзеў моўчкi, нiчога не гаварыў, хоць быў тут самы дасведчаны ў гэтым пытаннi. Сэр Генры Клiтэрынг, былы камiсар Скотланд-Ярда; сядзеў цiха, зрэдку пагладжваў вусы i ўсмiхаўся. Збоку здавалася, што ён думае аб нечым забаўным.
- Сэр Генры, - сказала яму нарэшце мiсiс Бантры, - калi вы не раскажаце чаго-небудзь, я пакрыўджуся на вас. Цi так яшчэ многа непакараных злачынстваў?
- Вы, мiсiс Бантры, пачынаеце разважаць збiтымi газетнымi фразамi: "Зноў Скотланд-Ярд памылiўся". I далей iдзе спiс неразгаданых таямнiц.
- Якi, папраўдзе, я думаю, складае вельмi малы працэнт ад усяго цэлага? спытаўся доктар Лойд.
- Але, так яно i ёсць. Раскрываюцца сотнi злачынстваў, а пра пакараных злачынцаў паведамляецца вельмi i вельмi рэдка. Але ж не пра гэта iдзе гаворка, праўда? Калi вы гаворыце пра нявыяўленыя i нявыкрытыя злачынствы, дык вы гаворыце пра два розныя паняццi. У першую катэгорыю ўваходзяць усе злачынствы, пра якiя Скотланд-Ярд нiколi не чуў; тыя злачынствы, пра якiя нават нiхто не ведае, што яны былi ўчынены.
- Але, я думаю, такiх злачынстваў не вельмi многа? - умяшалася ў гаворку мiсiс Бантры.
- Вы так думаеце?
- Сэр Генры! Цi не хочаце вы сказаць, што, наадварот, iх вельмi многа?
- Мне здаецца, - дадала мiс Марпл, якая сядзела, паглыбленая ў свае разважаннi, - iх павiнна быць вельмi многа.
Гэта прыемная старамодная i цiхая з выгляду бабулька выказала сваю думку нiзкiм, амаль цiхамiрным голасам.
- Паважаная мiс Марпл... - звярнуўся да яе палкоўнiк Бантры.
- Канечне, - гаварыла далей мiс Марпл, - многа ёсць яшчэ дурных людзей. А дурных, што б яны нi натварылi, рана цi позна, усё роўна выкрыюць. Але трапляюцца сярод людзей i такiя, якiя ўздрыгваюць ад адной толькi думкi, што яны маглi б натварыць, калi б не iх жыццёвыя прынцыпы.
- Так, - сказаў сэр Генры, - многа ёсць недурных людзей. Вельмi часта злачынствы выкрываюцца з-за грубай, няўмелай работы, i кожны раз нехта задае сабе пытанне: "А цi было б выкрыта злачынства, калi б яго разумна прадумаць i ўмела правесцi?"
- Але гэта вельмi несур'ёзна, - выказаўся палкоўнiк Бантры. - Праўда, вельмi несур'ёзна.
- Цi так?
- Што вы хочаце сказаць? Канечне, гэта сур'ёзна.
- Вы гаворыце, што ёсць яшчэ непакараныя злачынствы, але цi так гэта? Магчыма, непакараныя законам, але прычына i вынiк дзейнiчаюць па-за законам. Гаварыць, што ўсялякае злачынства будзе пакарана - банальнасць, i тым не менш, па-мойму, нiчога правiльнейшага i быць не можа.
- Магчыма, магчыма, але гэта не так важна... Сур'ёзнасць... - Ён крыху замяшаўся.
Сэр Генры Клiтэрынг усмiхнуўся:
- Дзевяноста дзевяць чалавек з сотнi, безумоўна, думаюць гэтаксама як i вы, - пачаў ён. - Але, ведаеце што, не такая важная на самай справе, у жыццi, вiнаватасць, як важная невiнаватасць. Вось гэтага нiхто не хоча разумець.
- Я не разумею, - уставiла сваё слова Джэйн Халiер.
- А я разумею, - сказала мiс Марпл. - Калi мiсiс Трэнт заўважыла, што ў яе прапалi з сумачкi паўкроны, больш за ўсiх ад гэтага пацярпела служанка, мiсiс Артур, якая штодзённа прыходзiла прыбiраць. Канечне, Трэнты падумалi на яе, але яны былi людзi добрыя i, ведаючы, што ў служанкi вялiкая сям'я i муж п'е, не захацелi iсцi на крайнiя меры. Аднак адносiны да яе змянiлiся, i яны ўжо не пакiдалi на яе дом, калi ехалi куды. Гэта вельмi абражала служанку, бо i iншыя ставiлiся да яе гэтаксама. А потым раптам высветлiлася, што вiнаватая гувернантка. Мiсiс Трэнт убачыла праз адчыненыя дзверы ў люстэрку. Гэтую нечаканую з'яву, што абумоўлена непасрэднай прычынай, я назваў бы прадбачаннем. Вось што хацеў сказаць, мне здаецца, сэр Генры. Большасць людзей цiкавiла толькi, хто ўзяў манету, i выявiўся чалавек, якога нiхто не падазраваў, - зусiм як у дэтэктыўных гiсторыях. Але для мiсiс Артур, якая нiчога не натварыла, гэта было пытаннем жыцця або смерцi. Вы гэта мелi на ўвазе, сэр Генры, цi не?
- Так, мiс Марпл, вы вельмi дакладна перадалi маю думку. У вашым прыкладзе для той падзёншчыцы ўсё скончылася добра. Яе невiнаватасць была даказана. Але некаторыя людзi могуць усё жыццё пражыць, прыдушаныя сапраўды неапраўданым падазрэннем.
- У вас ёсць якi-небудзь канкрэтны прыклад, сэр Генры? - адразу перайшла да справы мiсiс Бантры.
- Па праўдзе кажучы, ёсць, мiсiс Бантры. Вельмi цiкавы выпадак. У гэтай справе, як мы i меркавалi, было ўчынена злачыннае забойства, але даказаць гэта мы нiяк не маглi!
- Яд, мусiць, - выдыхнула Джэйн. - Нешта такое, што не пакiдае слядоў.
Доктар Лойд ажывiўся, а сэр Генры адмоўна пахiтаў галавою.
- Не, мiлая. Не таямнiчы яд для стрэл паўднёваамерыканскiх iндзейцаў. Я б хацеў, каб гэта было нешта падобнае. Але мы сутыкнулiся з нечым больш празаiчным - такiм празаiчным, што няма нiякай надзеi знайсцi сляды злачынцы. Стары джэнтльмен упаў з лесвiцы i зламаў сабе карак: адзiн з тых сумных няшчасных выпадкаў, якiя здараюцца кожны дзень.
- А што было на самай справе?
- Хто ведае?.. - пацiснуў плячыма сэр Генры. - Штуршок ззаду ў спiну? Кавалак аборкi цi вяроўкi, што нацягнулi пад ногi наверсе лесвiцы, а потым прадбачлiва адвязалi? Пра гэта мы нiколi не даведаемся...
- Але ж вы лiчыце, што гэта... не быў няшчасны выпадак? Чаму?.. - спытаўся доктар.
- Гэта даволi доўгая гiсторыя, але... Ну, так, мы даволi ўпэўненыя. Як я ўжо сказаў, няма нiякiх шанцаў выявiць злачынцу - доказы слабыя, непераканаўчыя, i iх можна абвергнуць. Але ёсць i другi бок гэтай справы, i пра гэта я раскажу зараз вам. Бачыце, было чацвёра чалавек, якiя маглi зрабiць гэты фокус. Адзiн - вiнаваты, але астатнiя трое - невiнаватыя. I калi не выявiцца праўда, дык тыя трое так i застануцца пад падазрэннем.
- Раскажыце лепш нам вашу доўгую гiсторыю, - папрасiла мiсiс Бантры.
- Урэшце, няма нiякай патрэбы рабiць яе занадта доўгай, - сказаў сэр Генры. - Ва ўсякiм разе, можна скарацiць пачатак. Гаворка пойдзе пра нямецкае тайнае таварыства "Чорная рука", нешта накшталт iтальянскай каморы*, цi як большасць людзей уяўляе сабе гэту камору. Сiстэма шантажу i тэрарызму. Гэта арганiзацыя ўтварылася адразу пасля вайны** i за кароткi час значна вырасла. Яна ўчыняла ганеннi, праследавала мноства людзей, даймала i карала. Улады спрабавалi напасцi на след мафii, але тайны яе старанна ахоўвалiся, i амаль немагчыма было знайсцi такога чалавека, якi мог выдаць яе.